Выслоўяў Саламонавых 21 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна
Як цур’і водаў, сэрца каралёва ў руццэ СПАДАРА. Ён кіруе яго, куды хоча.
Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў, Ён скіроўвае яго, куды хоча.
Усі дарогі людзіны простыя ў ваччу ейным, але СПАДАР важа сэрцы.
Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.
Валей справядлівасьць а суд СПАДАРУ, чымся аброк.
Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.
Высокае вока а надзьмутае сэрца — сьвечка нягодных, грэх.
Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — баразна бязбожных, [і гэта] грэх.
Падумкі ўлеглівага вядуць да збытку, але кажнага хаплівага — адно да нястачы.
Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожнага нецярплівага — нястачу.
Прыдбаньне скарбаў манлівым языком — пустая беганіна шукаючых сьмерці.
Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — па́ра, што зьнікае, шуканьне сьмерці.
Глабаньне нягодных зьнішча іх, бо яны адмаўляюцца ад спаўненьня суду.
Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].
Дарога людзіны крывая а дзіўная, але чыстага дзейнасьць простая.
Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.
Валей жыць у куце страхі, чымся із звадліваю жонкаю ў супольным доме.
Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.
Душа нягоднага жадае ліха; прыяцель ягоны ня знойдзе ласкі ў ваччу ягоным.
Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.
Як караюць насьміханьніка, просты мудрэе; а як навучаюць мудрага, ён адзержуе веданьне.
Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.
Мудра дзее справядлівы да дому нягоднага, але ськідае нягодных за іх ліха.
Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.
Хто затыкае вуха свае на вык беднага, тый і сам будзе крычэць, але не адкажуць.
Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.
Дар у таямніцы сьцішае гнеў, і лапан у заўлоньне — вялікую злосьць.
Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне — вялікую ярасьць.
Радасьць справядляваму чыніць суд, але зьнішчэньне дзеючым бяспраўе.
Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.
Чалавек, што зьбіваецца з дарогі розуму, будзе супачываць у грамадзе сьценяў сьмерці.
Чалавек, што зьбіваецца са шляху розуму, супачы́не ў грамадзе́ памёршых.
Хто любе весялосьць, будзе недастатны; хто любе віно а алей, не забагацее.
Хто любіць весяліцца, будзе ў няста́чы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.
Выкупам за справядлівага — нягоднік, і за пасьцівых — хвальшнік.
Вы́купам за праведніка [будзе] бязбожнік, а за правага — ліхадзей.
Валей жыць у пусташы, чымся із звадліваю а злоснаю жонкаю.
Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.
Скарб жаданы будзе й алей у гасподзе мудрага, але неразумны чалавек праглынець іх.
Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.
Хто імкнецца да справядлівасьці а міласэрдзя, знойдзе жыцьцё, справядлівасьць а чэсьць.
Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.
На места дужых узыйдзе мудры і ськіне далоў мацніню даверу яго.
Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.
Хто сьцеражэць вусны свае а язык свой, сьцэражэць душу сваю ад клопату.
Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу́ сваю ад бедаў.
Пыхаты начэпа — насьміханьнік імя ягонае — дзее ў злосьці начэпна.
Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.
Жаданьне лянога забівае яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца рабіць;
Жаданьне гультая заб’е яго, бо ру́кі ягоныя адмаўляюцца працаваць.
Увесь дзень ён вельма галіцца, але справядлівы даець і не задзержуе.
Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.
Аброк нягодных — агіда, пагатове абраканы зь нягоднаю думкаю.
Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.
Хвальшывая сьветка загіне, але людзіна, што гукае чутае, гукае тое заўсёды.
Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.
Нягодная людзіна каляне від свой, але пасьцівы разумее дарогу сваю.
Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а пра́вы разумее шлях свой.
Няма мудрасьці ані розуму, ані рады супроці СПАДАРА.
Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма ра́ды насуперак ГОСПАДУ.
Каня гатуюць на дзень бітвы, але перамога ад СПАДАРА.
Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.