Выслоўяў Саламонавых 21 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка
Як цур’і водаў, сэрца каралёва ў руццэ СПАДАРА. Ён кіруе яго, куды хоча.
Каралеўскае сэрца ў руцэ Госпада, як патокі водаў, куды захоча, туды іх і кіруе.
Усі дарогі людзіны простыя ў ваччу ейным, але СПАДАР важа сэрцы.
Усялякі шлях чалавека — просты ў ягоных вачох, але Гаспод узважывае сэрцы.
Валей справядлівасьць а суд СПАДАРУ, чымся аброк.
Захаваньне праўды і справядлівасьці больш падабаецца Госпаду, чым ахвяра.
Высокае вока а надзьмутае сэрца — сьвечка нягодных, грэх.
Гордасьць ачэй і надутасьць сэрца, якія адзначаюць бязбожных — грэх.
Падумкі ўлеглівага вядуць да збытку, але кажнага хаплівага — адно да нястачы.
Думкі працавітага імкнуцца да дастатку, а кожны, хто сьпяшаецца, церпіць нястачу.
Прыдбаньне скарбаў манлівым языком — пустая беганіна шукаючых сьмерці.
Набываньне скарбаў манлівым языком — глупства, праходзячае міма тых, што шукаюць сьмерці.
Глабаньне нягодных зьнішча іх, бо яны адмаўляюцца ад спаўненьня суду.
Гвалт бязбожных зашкодзіць ім, бо яны не хацелі рабіць таго, што справядлівае.
Дарога людзіны крывая а дзіўная, але чыстага дзейнасьць простая.
Крывы шлях распуснага чалавека, але шлях чыстага просты.
Валей жыць у куце страхі, чымся із звадліваю жонкаю ў супольным доме.
Лепш жыць у куце на страсе, чым са сварлівай жонкай у прасторным доме.
Душа нягоднага жадае ліха; прыяцель ягоны ня знойдзе ласкі ў ваччу ягоным.
Душа бязбожнага хоча благога; ня знойдзе ласкі ў ягоных вачох і прыяцель яго.
Як караюць насьміханьніка, просты мудрэе; а як навучаюць мудрага, ён адзержуе веданьне.
Калі караюць блюзьнерцу, просты робіцца мудрым, і калі мудры разумее, дык набывае веду.
Мудра дзее справядлівы да дому нягоднага, але ськідае нягодных за іх ліха.
Справядлівы перасьцерагаецца Госпадам на доме бязбожнага, як бязбожныя трапляюць у бяду.
Хто затыкае вуха свае на вык беднага, тый і сам будзе крычэць, але не адкажуць.
Хто зачыняе вуха сваё на голас беднага, той сам будзе гукаць і ня будзе выслуханы.
Дар у таямніцы сьцішае гнеў, і лапан у заўлоньне — вялікую злосьць.
Дар, тайна даны, гасіць гнеў, і дар за пазуху — вялікую ярасьць.
Радасьць справядляваму чыніць суд, але зьнішчэньне дзеючым бяспраўе.
Захаваньне справядлівасьці — радасьць для справядлівага і страх для таго, хто робіць благое.
Чалавек, што зьбіваецца з дарогі розуму, будзе супачываць у грамадзе сьценяў сьмерці.
Чалавек, які зыйшоў са шляху мудрасьці, аказываецца на сабраньні памершых.
Хто любе весялосьць, будзе недастатны; хто любе віно а алей, не забагацее.
Хто любіць вясельле — зьбяднее, а хто любіць віно і алей — не ўзбагаціцца.
Выкупам за справядлівага — нягоднік, і за пасьцівых — хвальшнік.
Бязбожны будзе выкупам за справядлівага, а за прастадушнага — хітры.
Валей жыць у пусташы, чымся із звадліваю а злоснаю жонкаю.
Лепш жыць у пустыннай зямлі, чым са сварлівай і злой жонкай.
Скарб жаданы будзе й алей у гасподзе мудрага, але неразумны чалавек праглынець іх.
Пажаданы скарб і алей у доме мудрага, а дурны чалавек раскідоміць іх.
Хто імкнецца да справядлівасьці а міласэрдзя, знойдзе жыцьцё, справядлівасьць а чэсьць.
Хто заховывае справядлівасьць і міласэрдзьдзе, знойдзе жыцьцё, справядлівасьць і славу.
На места дужых узыйдзе мудры і ськіне далоў мацніню даверу яго.
Мудры ўваходзіць у горад моцных і разбурае магутнасьць, на якую яны палягалі.
Хто сьцеражэць вусны свае а язык свой, сьцэражэць душу сваю ад клопату.
Хто пільнуе свае вусны і свой язык, той заховывае ад бяды сваю душу.
Пыхаты начэпа — насьміханьнік імя ягонае — дзее ў злосьці начэпна.
Горды злодзей — блюзьнерца яму імя, дзеець у пале гарачкі.
Жаданьне лянога забівае яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца рабіць;
Гультая забівае лачнасьць, бо ягоныя рукі адмаўляюцца працаваць;
Увесь дзень ён вельма галіцца, але справядлівы даець і не задзержуе.
Кожны дзень ён лачне, а справядлівы дае і ня шкадуе.
Аброк нягодных — агіда, пагатове абраканы зь нягоднаю думкаю.
Ахвяра бязбожных — агідная, асабліва калі яе ахвяровывае ў грасе.
Хвальшывая сьветка загіне, але людзіна, што гукае чутае, гукае тое заўсёды.
Фалшывы сьветка згіне, а чалавек, які гаворыць, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.
Нягодная людзіна каляне від свой, але пасьцівы разумее дарогу сваю.
Бязбожны чалавек выклікае сваі гвалтам, а справядлівы проста трымае свой шлях.
Няма мудрасьці ані розуму, ані рады супроці СПАДАРА.
Няма мудрасьці, ані розуму, ані рады насуперак Госпада.
Каня гатуюць на дзень бітвы, але перамога ад СПАДАРА.
Каня прыгатаўляюць на дзень бітвы, але перамога ад Госпада.