Выслоўяў Саламонавых 20 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Віно — празмерная рэч і сіцэра — неспакойная; ніхто з тых, хто захапляецца імі, не будзе мудрым.
Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.
Як рыканне льва — так і гнеў цара, хто яго выклікае — грашыць супраць душы сваёй.
Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.
Гонар для чалавека — аддзяліцца ад спрэчак; бо ўсе бязглуздыя ўмешваюцца ў ганьбу.
Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.
З-за холаду гультай не хацеў араць; таму ён будзе жабраваць летам, а яму ніхто не дасць.
Дзеля холаду гультай ня хоча араць, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.
Думкі ў сэрцы чалавека — быццам глыбокія воды, але мудры чалавек вычэрпвае іх.
Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.
Завуць сябе міласэрнымі многія людзі, а хто знойдзе праўдзівага чалавека?
Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?
Справядлівы чалавек, які ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, пакіне па сабе шчаслівых дзяцей.
Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.
Цар, які сядзіць на пасадзе законнасці, разганяе ўсё ліхое сваім позіркам.
Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, расьцярушвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.
Хто скажа: «Збярог я чыстае сэрца, я чысты ад граху»?
Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?
Дваякія шалі і дваякая мера — і тое і другое агідныя Госпаду.
Неаднолькавыя ва́гі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.
Дзіця можна зразумець па занятках яго, ці будуць справы яго чыстымі і вернымі.
Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці пра́выя справы ягоныя.
Вуха, што чуе, і вока, што бачыць, абодва стварыў Госпад.
Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.
Не любі сон, каб беднасць не апанавала цябе; адкрый вочы свае — і наясіся хлеба.
Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.
«Дрэнна, дрэнна!» — кажа ўсякі пакупнік, а калі адыдзецца — тады хваліцца.
«Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адыдзецца, тады хва́ліцца.
Ёсць золата і мноства самацветаў, а каштоўнейшая пасудзіна — вусны ведаў.
Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.
Бяры яго вопратку, бо ён выступіў паручыцелем за чужога, за незнаёмых вазьмі ад яго заклад.
Забяры адзеньне яго, бо ён паручы́ўся за чужога, і за чужынца вазьмі закла́д ад яго.
Салодкі для чалавека хлеб падманны, але потым напоўняцца вусны яго каменнем.
Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.
Планы ўзмацняюцца нарадамі, і войны трэба рыхтаваць пасля нарады.
Думкі ўмацоўваюцца пара́дамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.
Не сябруй з тым, хто выяўляе сакрэты, і паклёпнічае, і шырока разяўляе рот свой.
Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.
Хто сварыцца на бацьку свайго і маці — патухне светач яго ў глыбінях цемры.
Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.
Спадчына, якую захопліваюць, спяшаючыся, урэшце рэшт будзе пазбаўлена дабраславення.
Спадчына, спачатку пасьпешліва здабытая, ня будзе пры канцы дабраслаўлёная.
Не кажы: «Я адплачу за ліха», пачакай Госпада, а Ён вызваліць цябе.
Не кажы: «Я адплачу́ за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён вы́бавіць цябе.
Агіднасць для Госпада дваякія вагі, і шалі падманныя — нядобрая ў вачах Яго.
Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя ва́гі, і ша́лі падманлівыя — ня добра.
Госпад кіруе хадою чалавека, а хто з людзей можа зразумець шлях свой?
Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?
Пастка для чалавека гаварыць неабдумана «святое», а потым выракацца абяцання.
Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбава́ньне, а пасьля абяцаньня разважаць.
Мудры цар разганяе бязбожнікаў і згінае над імі кола.
Мудры валадар расьцярушыць бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].
Светач Госпадавы — аддушына для чалавека, ён даведваецца пра ўсе сакрэты нутра яго.
Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.
Міласэрнасць і праўда берагуць цара, а пасад яго ўмацоўваецца мяккасардэчнасцю.
Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.
Упрыгажэнне юнакоў — іх моц, а гонар старых — сівізна.
Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.
Сіняк раны праганяе ліха, і ўдары — у глыбінях нутра.
Вы́тні і раны — лекавальная масьць ад ліхоты, і ўдары ў глыбіню нутра.