Выслоўяў Саламонавых 9 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Мудрасць пабудавала сабе дом і выцесала сем калон;
 
Мудрасьць пабудавала сабе дом, вычасала сем слупоў ягоных,

закалола ахвяры свае, развяла віно і прыгатавала свой стол.
 
закалола тое, што было на зарэз, зьмяшала віно і прыгатавала стол свой.

Паслала служанак сваіх, каб клікалі ў замак з узвышшаў гарадскіх:
 
Паслала служак сваіх, кліча на дзядзінцу і на вышынях гарадзкіх:

«Калі ёсць хто просты чалавек, хай прыйдзе да мяне!» А неразумнаму казала:
 
«Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

«Прыходзьце, ежце хлеб мой і піце віно, якое я развяла для вас;
 
«Прыходзьце, ешце хлеб мой і піце віно, якое я зьмяшала,

пакіньце глупства і жывіце, і хадзіце па дарогах разважлівасці».
 
пакіньце дурноту і жыві́це, і хадзіце шляхам розуму».

Хто вучыць кпліўца, сам сабе робіць несправядлівасць; а хто ганьбіць бязбожніка, сябе заплямлівае.
 
Хто павучае насьмешніка, сьцягвае на сябе прыкрасьць, а хто дакарае бязбожніка, запляміцца.

Не ганьбуй насмешніка, каб ён не зненавідзеў цябе, ганьбуй мудрага — і будзе ён цябе любіць.
 
Не дакарай насьмешніка, каб ён не зьненавідзеў цябе, дакарай мудрага, і ён будзе любіць цябе.

Кажы мудраму — і ён стане мудрэйшы, вучы справядлівага — і ён павялічыць веды.
 
Настаўляй мудрага, і ён стане мудрэйшы; вучы праведнага, і ён павялічыць веды.

Пачатак мудрасці — страх Госпадаў, а веданне Святога — разважлівасць.
 
Пачатак мудрасьці — страх ГОСПАДАЎ, і веданьне Сьвятога — розум.

Бо праз мяне дні твае павялічацца і прыбавяцца табе гады жыцця.
 
Бо праз мяне памножацца дні твае і дададуцца гады жыцьця твайго.

Калі будзеш мудры — будзеш мудры для самога сябе, кпліўцам будзеш — будзеш сам несці ліха.
 
Калі будзеш мудры, для сябе будзеш мудры, а калі станеш насьмешнікам — сам будзеш мець шкоду.

Жанчына бязглуздая — крыклівая, неразумная і што нічога не ведае,
 
Дурнота — жанчына крыклівая, неразумная і нічога ня ведае;

сядзіць яна каля дзвярэй дома свайго на зэдліку і на ўзвышшах горада,
 
сядзіць каля дзьвярэй дому свайго на пасадзе, на вышынях гарадзкіх,

каб заклікаць тых, хто праходзіць па дарозе, і тых, хто ідзе шляхам сваім:
 
каб клікаць тых, што праходзяць дарогаю, што ідуць проста сьцежкамі сваімі:

«Хто бязглузды, хай звернецца да мяне». А неразумнаму сказала яна:
 
«Хто неразумны, няхай прыйдзе сюды», а да бязглуздага кажа:

«Воды крадзеныя — саладчэйшыя, а схаваны хлеб — смачнейшы».
 
«Вада крадзеная салодкая, і схаваны хлеб смачнейшы».

І не ведае яна, што там цемра і што ў глыбінях апраметнай — госці яе.
 
І ня ведае той, што там мерцьвякі, і што ў цемры адхлані запрошаныя ёю.