Выслоўяў Саламонавых 25 разьдзел

Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Гэта таксама прыслоўі Саламона, якія перапісалі людзі Эзэкіі — цара Юдэі.
 
Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды.

Слава Божая — таіць слова, а слава цароў — даследаваць размову.
 
Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу.

Як неба ў вышыні і зямля ў глыбіні — так сэрца цароў невызнана.
 
Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя.

Аддзялі шлакі ад срэбра, і выйдзе ў срэбраніка посуд.
 
Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне.

Выведзі ад вачэй цара бязбожніка — і справядлівасць умацуе пасад яго.
 
Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю.

Не паказвайся фанабэрыстым перад царом і не стой на месцы вялікіх.
 
Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой,

Лепш, калі табе скажуць: «Узніміся сюды», чым каб зняважылі цябе перад кіраўніком.
 
бо лепш, калі скажуць табе: “Узьніміся вышэй”, чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае.

Што вочы твае бачылі, не адкрывай гэта хутка ў судзе, бо што зробіш потым, калі абняславіць цябе сябар твой?
 
Не кідайся пасьпешліва судзі́цца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой.

Справу сваю вырашай з сябрам тваім і не выяўляй сакрэт чужога чалавека,
 
Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага,

каб ён часам не пакпіў з цябе, калі пачуе, і ганьба твая не зможа быць адклікана.
 
каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая.

Залатыя яблыкі на срэбраным посудзе — слова, сказанае ў свой час.
 
Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы.

Залаты пярсцёнак з лепшага золата — мудры, які гаворыць на вуха таму, хто слухае.
 
Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха.

Як холад снегу ў дзень жніва, так пасланец верны таму, хто паслаў яго; ён ацверажае яго душу.
 
Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго.

Хмары і вецер без дажджу — гэтак вядомы чалавек фанабэрысты і які не выконвае абяцанняў.
 
Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хва́ліцца падарункам фальшывым.

Цярплівасць кіраўніка зробіць падатлівым, а мяккі язык зломіць косці.
 
Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку.

Ты знайшоў мёд? З’еш, колькі табе трэба, каб часам, наеўшыся, не вырыгнуць яго.
 
[Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў.

Утрымай нагу тваю ад дому блізкага твайго, каб, усім задаволены, ён не ўзненавідзеў цябе.
 
Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе.

Молат, і меч, і вострая страла — гэта чалавек, які гаворыць ілжывае сведчанне супраць блізкага свайго.
 
Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго.

Гнілы зуб і хісткая нага — гэта той, хто ў дзень бяды спадзяецца на ненадзейнага.
 
Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства.

Як плашч здымаць у халодны дзень, як выліваць воцат у соду — так спяваць песні сумнаму сэрцу.
 
Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на сале́тру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу.

Калі непрыяцель твой галодны, накармі яго; калі смагне — напаі яго:
 
Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою,

бо вуголле пякучае збярэш ты на галаву яго, а Госпад адплаціць табе.
 
бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе.

Паўночны вецер спараджае дажджы, а язык, што паклёпнічае, — сумны твар.
 
Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка — гнеў на тварах.

Лепш сядзець у кутку на гарышчы, чым з жонкай сварлівай у агульным доме.
 
Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

Як халодная вада для душы, што смагне, так добры вястун — з далёкай краіны.
 
Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю.

Крыніца, патурбаваная нагою, і ручай сапсаваны — гэта справядлівы, што падае перад бязбожнікам.
 
Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам.

Нядобра есці занадта мёду, і здабыццё славы не ёсць слава.
 
Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава.

Горад разбураны і без муроў — гэта чалавек, які не можа валодаць духам сваім.
 
Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім.