Выслоўяў Саламонавых 28 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Бяжыць бязбожнік, калі ніхто не гоніца за ім, а справядлівы — як леў адважны.
Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы.
Адыдзе ад закону зямля, тады многа кіраўнікоў у ёй, а пры разумным і мудрым чалавеку справядлівы лад працягнецца.
Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная.
Чалавек бедны і які ганіць бедных падобны да дажджу праліўнога, у якім рыхтуецца голад.
Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, [што пакідае] бяз хлеба.
Адступнікі ад закона — хваляць бязбожнікаў; а хто трымаецца закона — абураецца імі.
Хто адступаецца ад закону, той хва́ліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, паўстае супраць яго.
Ліхія людзі не разумеюць законнасці; а хто імкнецца да Госпада, — разумее ўсё.
Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё.
Лепш бедны, які ходзіць у чыстасардэчнасці сваёй, чым крывадушны на дарогах сваіх, хоць і багаты.
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які кры́віць шляхі свае, дарма́ што багаты.
Хто беражэ законнасць — той мудры сын; а хто падтрымлівае гуляк — асаромлівае бацьку свайго.
Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго.
Хто накоплівае багацце сваё пазыкамі і ліхвярствам, той збірае яго для шчодрага да бедных.
Хто памнажае маёмасьць сваю квотай і лі́хвай, той зьбірае яе для таго, хто лі́туецца над убогім.
Хто адхіляе вуха сваё, каб не чуць закон, — малітва таго таксама будзе брыдотай.
Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота.
Хто падманвае справядлівых на ліхой дарозе, сам упадзе ў пагібель, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
Хто схіляе пра́вых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае.
Разумным здаецца сабе чалавек багаты, але разгневаны бядняк даследуе яго.
Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго.
У радасці справядлівых — вялікая слава, а калі ўзнімаюцца бязбожнікі — хаваецца чалавек.
Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца.
Хто ўтойвае злачынствы свае — не будзе жыць у шчасці; хто прызнаецца і пакіне гэта, даб’ецца міласэрнасці.
Той, хто хавае свае праві́ны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнае́цца і пакіда́е іх, дазна́е міласэрнасьці.
Шчасны чалавек, які мае страх [Божы], а хто сэрца сваё зацвярджае — трапіць у бяду.
Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду.
Леў, што рыкае, і галодны мядзведзь — гэта бязбожны кіраўнік над бедным народам.
Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — бязбожны пан над бедным народам.
Кіраўнік, што пазбаўлены разважлівасці, прыгнятае многіх; а хто ненавідзіць хцівасць — дні таго стануць доўгімі.
Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае.
Чалавека, што заліты крывёй чыйгосьці жыцця, калі ён будзе бегаць да самай магілы, ніхто не падтрымае.
Чалавек, абцяжараны крывёю душы [другога], будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго.
Хто ходзіць прама — будзе збаўлены; хто ходзіць нясталымі шляхамі — той раптам загіне.
Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах [сваіх] упадзе на адным [з іх].
Хто зямлю сваю апрацоўвае — насыціцца хлебам, а хто шукае адпачынку — напоўніцца галечай.
Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю.
Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто жадае хутка ўзбагаціцца — не застанецца без пакарання.
Чалавек верны багаты ў дабраславенствы, а хто сьпяшаецца ўзбагаце́ць, не міне́ пакараньня.
Хто распазнае аблічча ў судзе — не чыніць дабро, і чалавек за лусту хлеба крывіць душою.
Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне.
Спяшаецца ўзбагаціцца зайздрослівы чалавек, не ведае ён, што беднасць спасцігне яго.
Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што няста́ча прыйдзе на яго.
Хто дакарае чалавека, потым знойдзе ласку, больш чым той, хто ліслівіць языком.
Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля [большую] ласку, чым той, хто языком лісьлівіць.
Хто крадзе што-небудзь у бацькі свайго або маці і кажа: «Гэта не грэх», той — саўдзельнік рабаўніка.
Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю.
Хто павялічвае жаданні — распаляе сваркі, а хто ўскладае надзею на Госпада — пашырыцца.
Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны.
Хто спадзяецца на сэрца сваё — той бязглузды, а хто ходзіць мудра — сам будзе збаўлены.
Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены.
Хто дае беднаму — не будзе ў галечы, а хто хавае вочы — напоўніцца праклёнамі.
Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў.
Калі бязбожнікі ўздымуцца — хаваюцца людзі; калі яны загінуць — памножацца справядлівыя.
Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі.