2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А ведай, што ў вапошнія дні настануць часы цяжкія.
 
Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы.

Бо людзі будуць самалюбы, грашалюбы, хвалькі, пышкі, блявузґаньнікі, непаслухменыя бацьком, няўдзячныя, несьвятыя,
 
Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьне́ры, непаслухмяныя бацька́м, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя,

Бяз прыродных нахінаў, няўмольныя, абмоўцы, няўзьдзержлівыя, неміласьціўныя, ня любячыя дабра,
 
няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае,

Зраднікі, нядбайлыя, надзьмутыя, любячыя балей прыемнасьці, чымся любячыя Бога,
 
здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога,

Што маюць хормы набожнасьці, але адракліся сілы яе. Адварачайся ад іх.
 
якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся.

Бо з гэтых тыя, што лісьлівасьцяй улазяць да дамоў і зводзяць недасьціпныя жанкі, ацяжараныя, грахамі, воджаныя рознымі жадлівасьцямі,
 
Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці,

Што заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да супоўнага пазнаньня праўды.
 
якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.

Вось жа, як Янн а Ямра працівіліся Масею, так і гэтыя працівяцца праўдзе, людзі папсаванага розуму, распусныя ўзглядам веры.
 
Як Я́ннэс і Я́мбрэс супрацьстаялі Майсею, гэтак і яны супрацьстаяць праўдзе, людзі з папсаваным розумам, няздатныя ў веры.

Але яны далёка не пасунуцца наперад, бо дурнота іхная выявіцца ўсім, як гэта сталася і з гэнымі.
 
Але яны ня шмат будуць узрастаць, бо шаленства іхняе вы́крыецца перад усімі, як гэта і сталася з тымі.

Але ты дакладна пайшоў за імною навукаю, паступкам, заданьням, вераю, цярплівосьцяй, міласьцяй, трывалкосьцяй,
 
А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці,

Перасьледаваньнямі, цярпеньнямі, што стрэліся імне ўв Антыёсе, Іконі, Лістрах, таковыя перасьледаваньні я ператрываў, і з каторых усіх Спадар выбавіў мяне.
 
перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад.

І запраўды ўсі, што зычаць набожна жыць у Хрысту Ісусу, будуць перасьледаваны.
 
Дый усе, якія хочуць жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.

А нягоднікі а ашуканцы будуць мець дасьпех у ліху, ашукуючыя й ашукаваныя.
 
А злыя людзі і ашуканцы будуць узрастаць у зьле, падманваючы [іншых] і падманваючы сябе.

А ты трывай у тым, чаго навучыўся, і ў чым ты пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся,
 
А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны;

І што з маленства ты знаеш Сьвятыя Пісьмы, каторыя могуць цябе ўчыніць мудрым да спасеньня вераю ў Хрыста Ісуса.
 
і што ты з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе.

Кажнае Пісьмо натханае Богам і карыснае да вучэньня, да вінаваньня, да паправы, да навучаньня ў справядлівасьці,
 
Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці,

Каб людзіна Божая была дасканальная, супоўна прыгатаваўшыся да кажнага добрага ўчынку.
 
каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым.