4 царстваў 11 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

І як Афаля, маці Агазіна, абачыла, што сын ейны памер, устала й выгубіла ўсе каралеўскае насеньне.
 

Але Егошэва, дачка караля Ёрама, сястра Агазіна, узяла Ёаша Агазёнка й выкрала яго з памеж забіваных сыноў каралеўскіх, яго а няньку ягоную із спальні, і схавала яго ад Афалі, і ён не памер.
 

І быў ён ізь ёю ў доме СПАДАРОВЫМ схаваны шэсьць год, прымеж тога як Афаля гаспадарствавала ў зямлі.
 

Але сёмага году паслаў Егояда, і ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў, і прывёў іх да дому СПАДАРОВАГА, і зрабіў змову зь імі, і ўзяў зь іх прысягу ў доме СПАДАРОВЫМ, і паказаў ім каралеўскага сына;
 

І расказаў ім, кажучы: «Вось, што маеце зрабіць: трайціна з вас прыходзяць у сыботу і вартуюць у старожы дому каралеўскага,
 

Трайціна ля брамы Сур, і трайціна ля брамы адзаду ганцоў, — будзеце мець старожу дому Масах.
 

І дзьве часьці з вас, усі адыходзячыя ў сыботу, маюць мець старожу дому СПАДАРОВАГА каля караля.
 

І абступіце караля навокал, кажны із зброяю сваёю ў руццэ сваёй; а хто ўвыйшоў бы ў лад, хай памрэць. І будзьце ля караля, як ён выходзе й як уходзе».
 

І зрабілі сотнікі ўсе, што расказаў Егояда сьвятар, і ўзялі кажны людзёў сваіх, у сыботу прыходзячых і ў сыботу адыходзячых, і прышлі да Егояды сьвятара.
 

І раздаў сьвятар сотнікам дзіды а шчыты караля Давіда, што былі ў доме СПАДАРОВЫМ.
 

І сталі ганцы, кажны із зброяю ў руццэ сваёй, ад правага боку дому аж да левага боку дому, ля аброчніка а ля дому, навокал караля.
 

І вывеў ён каралеўскага сына, і ўзлажыў на яго карону, і даў яму сьветчаньне, і ўстанавілі яго за караля, і памазалі яго, і пляскалі ў ладкі а гукалі: «Хай жывець кароль!»
 

І пачула Афаля голас бягучага люду, і пайшла да люду, да дому СПАДАРОВАГА.
 

І бача, вось, кароль стаіць ля стаўпа, подле права, і князі й трубялі ля караля; і ўвесь люд зямлі вяселіцца, і трубяць у трубы. І разьдзерла Афаля адзецьці свае, і закрычэла: «Змова! змова!»
 

І расказаў Егояда сьвятар сотнікам, пастаноўленым над войскам, і сказаў ім: «Вывядзіце яе за лад; а хто пойдзе за ёю, забівайце мячом», бо, казаў сьвятар: «Хай не памрэць у доме СПАДАРОВЫМ».
 

І налажылі рукі на яе, і яна прайшла — дарогаю, катораю вадзілі коні — да каралеўскага дому, і была забіта там.
 

І ўчыніў Егояда змову памеж СПАДАРА й караля а люду, каб ён быў людам СПАДАРОВЫМ, і памеж караля й люду.
 

І прышоў увесь люд зямлі да дому Вааловага, і разбурылі яго, аброчнікі ягоныя а абразы ягоныя чыста разьбілі, і Матфана, сьвятара Вааловага, забілі перад аброчнікам. І прызначыў сьвятар ураднікаў над домам СПАДАРОВЫМ.
 

І ўзяў сотнікаў а асабістых вартаўнікоў а ганцоў а ўвесь люд зямлі, і зьвялі караля з дому СПАДАРОВАГА, і прышлі па дарозе пераз браму ганцоў да каралеўскага дому, і пасадзілі яго на пасадзе каралёў.
 

І весяліўся ўвесь люд зямлі, і места супакоілася. А Афалі зрабілі сьмерць мячом ля каралеўскага дому.
 

Сем год было Егоашу, як загаспадарстваваў.