4 царстваў 15 разьдзел

Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея

 
 

Дваццаць сёмага году Еровоама, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Азара Амасёнак, кароль Юдэйскі.
 

Шаснанцаць год было яму, як загаспадарстваваў, і пяцьдзясят два гады гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Ехоля, зь Ерузаліму.
 

Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім, як рабіў Амася, айцец ягоны.
 

Адно ўзвышшы ня былі аддалены: люд яшчэ абракаў а кадзіў на ўзвышшах.
 

І паразіў СПАДАР караля, і быў ён пракажаны аж да дня сьмерці свае, і жыў у вапрычоным доме. А Ёфам, сын каралёў, быў над домам, судзячы люд зямлі.
 

Засталыя справы Азарыны і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 

І супачыў Азара з айцамі сваімі, і пахавалі яго з айцамі ягонымі ў месьце Давідавым. І загаспадарстваў Ёфам, сын ягоны, замест яго.
 

Трыццаць восьмага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Захара Еровоамёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў шэсьць месяцаў.
 

Ён рабіў благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, як рабілі айцы ягоныя: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 

І змовіўся супроці яго Шалум Явішонак, і выцяў яго перад людам, і забіў яго; і загаспадарстваваў замест яго.
 

І засталыя справы Захаравы, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
 

Гэткае было слова СПАДАРОВА, каторае Ён праказаў Егу, кажучы: «Сыны твае да чацьвертага пакаленьня будуць сядзець на пасадзе Ізраелявым». І было так.
 

Шалум Явішонак загаспадарстваваў трыццаць дзявятага году Узі, караля Юдэйскага, і гаспадарстваваў адзін месяц у Самары.
 

І ўзышоў Менагім Ґадзянок ізь Фірцы, і прышоў да Самары, і выцяў Шалума Явішонка ў Самары, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго.
 

Засталыя справы Шалумавы й змова ягоная, каторую ён зрабіў, вось, яны запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
 

Тады зразіў Менагім Тапуаг а ўсе, што ў ім а ў граніцах яго, ад Фірцы, бо ён не адчыніўся, за тое зразіў; усі цяжарныя жанкі ў ім парасьцінаў.
 

Трыццаць дзявятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Менагім Ґадзянок над Ізраелям, і гаспадарстваваў дзесяць год у Самары.
 

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ўсі дні свае ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 

Тады прышоў Пул, кароль Асырскі, на зямлю. І даў Менагім Пулу тысяча таланяў срэбра, каб рука ягоная магла быць за яго, дзеля ўмацаваньня каралеўства ў руццэ сваёй.
 

І расклаў Менагім гэтае срэбра на Ізраеля, на ўсіх багатыроў, даць каралю Асырскаму па пяцьдзясят сыкляў срэбра ад кажнага чалавека. І зьвярнуўся кароль Асырскі, і не застаўся там у зямлі.
 

Засталыя справы Менагімовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх?
 

І супачыў Менагім із айцамі сваімі. І загаспадарстваваў Пекага, сын ягоны, замест яго.
 

Пяцьдзясятага году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекага Менагіменак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў два гады.
 

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ, не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 

І змовіўся супроці яго Пекаг Рэмалёнак, капітан ягоны, і выцяў яго ў Самары ў палацу каралеўскага дому, з Арґовам а Арам, а зь ім былі пяцьдзясят чалавекаў із сыноў Ґілеадзкіх, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго.
 

Засталыя справы Пекажыны і ўсе, што ён зрабіў, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
 

Пяцьдзясят другога году Азары, караля Юдэйскага, загаспадарстваваў Пекаг Рэмалёнак над Ізраелям у Самары, і гаспадарстваваў дваццаць год.
 

І рабіў ён благое ў ваччу СПАДАРОВЫМ: не адхінаўся ад грахоў Еровоама Невацёнка, каторы ўвёў Ізраеля ў грэх.
 

За дзён Пекага, караля Ізраельскага, прышоў Фіґлаф-Піл-Эсэр, кароль Асырскі, і ўзяў Іён, Авел-Беф-Мааху а Яноаг а Кедэш а Гасор а Ґілеад а Ґалілею, усю зямлю Неффалімову, і перасяліў іх да Асыры.
 

І ўчыніў змову Гося Ілянок супроці Пекага Рэмалёнка, і выцяў яго, і забіў яго, і загаспадарстваваў замест яго дваццатага году Ёфама Узянка.
 

Засталыя справы Пекагавы і ўсе, што ён зрабіў, вось, запісаныя ў кнізе летапісу каралёў Ізраельскіх.
 

Другога году Пекага Рэмалёнка, караля Ізраельскага, загаспадарстваваў Ёфам Узянок, кароль Юдэйскі.
 

Дваццаць пяць год было яму, як загаспадарстваваў, і шаснанцаць год гаспадарстваваў у Ерузаліме. Імя маці ягонае Еруша Садачышка.
 

Ён рабіў пасьцівае ў ваччу СПАДАРОВЫМ у вусім; як рабіў Узя, ацец ягоны, так рабіў і ён.
 

Адно ўзвышшы ня былі аддалены: яшчэ люд абракаў а кадзіў на ўзвышшах. Ён збудаваў вышшую браму ля дому СПАДАРОВАГА.
 

Засталыя справы Ёфамовы і ўсе, што ён зрабіў, ціж не запісаны яны ў кнізе летапісу каралёў Юдэйскіх?
 

За тых дзён СПАДАР пачаў пасылаць на Юдэю Рэцына, караля Арамскага, і Пекага Рэмалёнка.
 

І супачыў Ёфам із айцамі сваімі, і пахаваны з айцамі сваімі ў месьце Давіда, айца свайго. І загаспадарстваваў Агаз, сын ягоны, замест яго.