Езэкііля 46 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Дзекуць-Малея
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Брама нутранога панадворку, зьверненая на ўсход, мае быць заперта шэсьць рабочых дзён, але ў сыботу мае быць адперта і на маладзіку мае быць адперта.
І князь увыйдзе знадворку пераз ґанак навоннае брамы, і стане ля вушака брамы; а сьвятарове зьдзеюць усепаленьне а супакойныя аброкі; і ён паклоніцца на парозе брамы й выйдзе; але брама не запіраецца аж да вечара.
Таксама люд зямлі мае кланяцца ў дзьвярох гэтае брамы перад СПАДАРОМ у сыботы і на маладзікох.
А ўсепаленьне, што князь абракае СПАДАРУ ў сыботу, будзе із шасьцёх баранчыкаў бяз гану і барана бяз гану.
І хлебнага аброку ефа на барана, на баранчыкі ж хлебнага аброку колькі яму любя, а гін алівы на ефу.
І на маладзіку — цялё-бычка бяз гану а шэсьць баранчыкаў а баран; яны маюць быць бяз гану.
І ён прыгатуе хлебнага аброку ефу на цялё, і ефу на барана, і на баранчыкі колькі мага, і гін алівы на ефу.
І як князь прыйдзе, то мае ўходзіць пераз ґанак брамы і тудэй выходзіць.
Але як люд гэтае зямлі прыйдзе перад СПАДАРА ў вурочыстыя поры, то тый, што ўходзе пераз паўночную браму кланяцца, мае выйсьці пераз браму паўднявую, а тый, што ўходзе пераз паўднявую браму, мае выйсьці пераз браму паўночную, — ніхто ня мае выходзіць пераз тую браму, пераз каторую ўвыйшоў, але мае выйсьці насупроці яе.
І князь будзе сярод іх: як яны ўходзяць, ўходзе, а як яны выходзяць, выходзе.
І ў сьвяты і ў вурочыстыя поры хлебнага аброку мае быць ефа на цялё й ефа на барана, а на баранчыкі колькі яму любя, і гін алівы на ефу.
Калі князь самахоць дзее ўсепаленьне альбо самахоць супакойныя аброкі СПАДАРУ, адчыняць яму браму, зьверненую на ўсход, і ён зьдзее ўсепаленьне сваё а супакойныя аброкі свае, як ён рабіў у сыботу, потым выходзе, і па выхадзе яго браму запіраюць.
І з баранчыка сёлетка бяз гану маеш што дня зьдзеяць усепаленьне СПАДАРУ; маеш зьдзеяць кажнае раніцы.
І зьдзей хлебны аброк пры ім кажнае раніцы із шостае часьці ефы й трэйцяе часьці гіна алівы на рашчыну з пшоннае мукі; хлебны аброк СПАДАРУ — устава вечная кажначасна.
Гэтак маюць дзеяць баранчыка а хлебны аброк а аліву кажнае раніцы на кажначаснае ўсепаленьне’.
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Калі князь даець падарак каму-колечы із сыноў сваіх, спадак ягоны мае быць сыноў ягоных; гэта спадкавае меньне іхнае.
Але калі ён даець падарак із спадку свайго аднаму із слугаў сваіх, тады ён будзе ягоны да году вывальненьня, потым ён зьвернецца князю; адно дзяцём ягоным пераходзе спадак ягоны, да іх ён належа.
І ня мае берці князь ізь людзкога спадку, выкідаючы іх ізь дзяржаньня; ён мае даць сыном сваім із свае дзяржавы собскае, каб нікога зь люду Майго не выганялі зь дзяржаньня ягонага’"».
Потым прывёў ён мяне ходам, што з боку брамы, да сьвятых пакояў сьвятарскіх, зьверненых на поўнач, і вось, там месца па бакох на захад.
І сказаў імне: «Гэта месца, ідзе сьвятарове маюць варыць аброк віны а аброк за грэх, ідзе яны будуць пячы хлебныя аброкі, каб ня выносіць на навонны панадворак і не пасьвяціць люд».
І вывеў мяне на навонны панадворак і правёў мяне па чатырох кутох панадворку, і гля, у кажным куце панадворку была павець.
У чатырох кутох панадворку былі павеці сараку локцяў удаўжкі і трыццаць ушыркі; адна мера ўсім чатыром кутом.
І мур навокал у іх, навокал чатырох, і месцы на варэньне былі зроблены на доле муру навокал.
І сказаў імне: «Гэта варыстыя хаты, ідзе службіты дому маюць варыць аброк люду».