Ёва 31 разьдзел

Кніга Ёва
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Леаніда Галяка

 
 

Змову ўчыніў я з ачыма сваімі, і нашто імне зварачаць увагу на дзяўчыну?
 

Што за доля імне ад Бога згары, і што за спадак ад Усемагучага з вышыні?
 

Ці не няшчасьце прылучаецца несправядліваму, і не загуба ліхадзею?
 

Ці ня бачыў Ён дарогаў маіх, і ня лічыў усіх сігнёў маіх?
 

Калі я хадзіў у мане, і барзьдзіла нага мая на ашуку, —
 

Хай зважаць мяне на вазе праўды, і пазнае Бог нявіннасьць маю.
 

Калі адхінаўся сігень мой ад дарогі, і за ачыма маімі йшло сэрца мае, і калі штось прыліпла да рук маіх,
 

То хай я сею, а другі есьць, і хай атожылы мае выкаранены будуць.
 

Калі жонка надзіла сэрца мае, і ля ўходу прыяцеля свайго я цікаваў, —
 

Хай меле другому жонка мая, хай клякаюць ля яе іншыя;
 

Бо гэта быў бы выступ, гэта было б судовае бяспраўе;
 

Гэта — цяпло да згубы зьядаючае, і ўсі плады мае яно магло б выкараніць.
 

Калі я ўлегцы замеў права слугі свайго й права служэбкі свае, як яны прававаліся з імною,
 

То што я пачаў бы рабіць, як бы паўстаў Бог? і як Ён даведаўся б да мяне, што я адказаў бы Яму?
 

Ці ня Тый, хто ў жываце ўчыніў мяне, учыніў і яго, і ўладзіў нас у дзетніцы Адзін.
 

Ці адмаўляўся я жаданьню бедных альбо ці ачом удавы я даў выцякаць?
 

Ці еў я лусту сваю асобна? ці ня еў сірата зь яе?
 

Бо ад маленства ягонага я гадаваў яго, як айцец, і ад жывата маці свае я вадзіў удаву.
 

Як бачыў гінучага без адзецьця і што накрыцьця няма ў беднага;
 

То ці не дабраславілі мяне сьцёгны ягоныя, і ад стрыжэньня авец маіх ці ня быў ён угрэўшыся?
 

Калі я падыймаў руку сваю на сірату, затым што мог бачыць ля брамы абарону сабе,
 

То хай плячо мае ад сьпіны адваліцца, і цэўка мая ад локця адломіцца;
 

Бо страшная імне кара ад Бога, перад вялікасьцяй Ягонай ня вытрываў бы я.
 

Ці здаваўся я на золата альбо ці шчыраму золату сказаў я: «Давер мой»?
 

Ці цешыўся я, што маемасьць мая была вялікая, і рука мая прыдбала шмат?
 

Калі я бачыў сьвятло, што яно зьзяе, і месяц вялікасна ходзячы,
 

І надзілася патай сэрца мае, і цалавалі руку маю вусны мае, —
 

Гэта таксама было б судовым бяспраўям, бо я адрокся б Бога на вышынях.
 

Ці цешыўся я із згубы злосьніка свайго і захапляўся, як сустракала яго няшчасьце?
 

Не, я не даваў грашыць паднябеньню свайму, каб шукаць праклёнам душы яго.
 

Ці не казалі сьмяротнікі будану майго: "Ці быў хто такі, каб ізь яго мяса не насыціўся?"
 

На вуліцы не начаваў падарожны, і дзьверы свае я адчыняў госьцю.
 

Калі б хаваў я, як Адам, выступы свае, каб затаіць у заўлоньню сваім бяспраўе свае,
 

То я баяўся б вялікага груду, і грэбаваньне радзімаў палохала б мяне, так што я маўчэў бы й ня выходзіў бы за ўход.
 

О, калі б хто выслухаў мяне! Во знак мой: хай Усемагучы адкажа імне; а кнігу напісаў бы супар мой.
 

На плячу сваім я насіў бы яе, і ўзлажыў бы яе на сябе, як вянок.
 

Я здаў бы Яму лічбу з усіх сігнёў сваіх, як князь я дабліжыўся б да Яго.
 

Калі зямля мая крычэла на мяне, і ўсі барозны яе плакалі;
 

Калі плады яе я еў дарма і прысіліў собсьнікаў зямлі выдыхнуць душу,
 

То хай замест пшонкі вырасьце цернь і замест ячменю — кукаль». Скончыліся словы Ёвавы.