Да Каласянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

А калі вы з Хрыстусам паўсталі, дык шукайце-ж наўзгорнага, дзе засеў Хрыстус праваруч Бога;
 
І вось, калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;

аб узвышным думайце, не аб зямным;
 
пра вышыннае думайце, а не пра зямное.

бо вы ўмярлі і жыцьцё вашае утоена з Хрыстусам у Богу;
 
Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу;

калі-ж Хрыстус, які жыцьцём ёсьць вашым, зьявіцца, тады й вы разам зь Ім пакажацеся ў славе.
 
калі зьявіцца Хрыстос, жыцьцё вашае, тады і вы зьявіцеся зь Ім у славе.

Прахтыкуйце, восьжа, умор нізкапохатных чэлесаў вашых: блудадзейства, распуснага бясстыдзтва, злоснае жорсьці, зажэрлівай прагавітасьці аж да балванахвальства.
 
Дык жа ўмярцьвеце зямныя чэлесы вашыя: распусту, нечысьць, юр, ліхую хцівасьць і любазьдзірства, якое ёсьць ідаласлужэньне,

За ўсё бо гэта падае гнеў Божы на сыноў няверства;
 
за якія гнеў Божы ідзе на сыноў супраціву,

у якіх і вы калісь хадзілі, як жылі між імі.
 
у якіх і вы колісь блукалі, калі жылі сярод іх.

Цяпержа гэта ўсё адкіньце: гнеў, закатную лютасьць, брыдамоўства.
 
А зараз вы адкладзеце ўсё: гнеў, лютасьць, злосьць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых;

Лгарства адзін другому, скінуўшы з сябе старога чалавека зь ягонымі паступкамі,
 
ня хлусеце адно аднаму, бо вы распранулі зь сябе старога чалавека зь дзеямі ягонымі

а прыадзеўшыся ў новага, (ўсьцяж) упадабняючагася пазнаваннем вобразу свайго Стварыцеля;
 
і, апрануўшыся ў новага, які абнаўляецца ў пазнаньні паводле вобраза Стваральніка ягонага,

тым-то й няма (ўжо) Грэка, Жыда, абразання й неабразання, ні барбара, ні Скіта, ні нявольніка, ні вольнага, а ўсё ў ва ўсім — Хрыстус.
 
дзе няма ні Эліна, ні Юдэя, ні абразаньня, ні неабразаньня, варвара, Скіфа, раба, вольніка, а ўсё і ўва ўсім — Хрыстос.

Прыазнадобцеся, восьжа, як выбранцы Божыя, сьвятыя й любыя, ў міласэрдзе прачулае, дабрату ласкавую, пакору, ціхасьць, лагоднасьць,
 
Дык апранецеся, як выбранцы Божыя, сьвятыя і ўлюбёнцы, у міласэрнасьць, даброць, мудрую пакору, лагоднасьць, доўгую цярплівасьць,

церпячы адзін другога й выбачаючы ўзаемна, каліб хто на каго скардзіўся: Як Госпад вам дараваў, гэтак і вы.
 
паблажаючы адно аднаму і даруючы ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду: як Хрыстос дараваў вам, так і вы.

А над усё — (майце) любасьць, катора ёсьць вязьзю дасканальнасьці,
 
а найболей апранецеся ў любоў, якая ёсьць сукупнасьць дасканаласьці;

і супакой Хрыстусавы, да якога вы пакліканы з вадным целе, хай валадарыць у сэрцах вашых; дый будзьце ўдзячнымі.
 
і няхай валадарыць у сэрцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце прыязныя.

Слова Хрыстуса хай жыве у вас з усёю шчодрасьцю: навучайце й настаўляйце адны другіх з усякай мудрасьцяй, пабуджаючыся псальмамі і гымнамі ды духоўнымі песьнямі, піаючы ў ласцы Богу шчырым сэрцам.
 
Слова Хрыстовае хай усяляецца ў вас шчодра, з усякаю мудрасьцю; вучэце і настаўляйце на розум адзін аднаго псальмамі, славаслоўем і духоўнымі песьнямі, у мілаце апяваючы ў сэрцах вашых Госпада.

Усё, штою вы ні рабілі словам, ці дзелам, усё рабеце ў імя Усеспадара Езуса, дзякуючы праз Яго Айцу Богу.
 
І ўсё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабеце ў імя Госпада Ісуса Хрыста, дзякуючы празь Яго Богу і Айцу.

Сужэнкі, будзьце падуладнымі мужом вашым, як прыстоіць па-Божаму.
 
Жонкі, упакорвайцеся мужам сваім, як прыстойна гэта ў Госпадзе.

Мужы, любеце сужэнак (вашых) і ня будзьце для іх прыкрымі.
 
Мужы, кахайце сваіх жонак і ня будзьце зь імі суровыя.

Дзеці будзьце бацьком у ва ўсім паслухмянымі, бо гэта падабаецца Богу.
 
Дзеці, слухайцеся бацькоў вашых ва ўсім, бо гэта даспадобы Госпаду.

Бацькі, ня будзьце для дзяцей згрызьлівымі, каб яны ня падалі духам.
 
Бацькі, не дакучайце дзецям вашым, каб яны не падалі духам.

Слугі, будзьце ў ва ўсім паслушнымі гаспадаром сваім зямным, працуючы не для вока толькі прыпадабальнага, але із шчырым богабоязным сэрцам.
 
Рабы, ва ўсім упакорвайцеся гаспадарам вашым па плоці, не для выгляду (толькі) служачы ім, не каб дагадзіць, а ў шчырасьці богабаязнага сэрца.

І ўсё, штоб ні дзеелі вы, дзейце ад душы, як (самому) Богу, а ня людзям;
 
І ўсё, што робіце, рабеце ад душы, як Госпаду, а не чалавеку,

ведаючы, што ад Бога атрымаеце заплату спадчыны, Хрыстусу Усеспадару служэце.
 
ведаючы, што ў адзьдзяку ад Госпада дастанеце спадчыну; бо вы служыце Госпаду Хрысту.

Хто бо крыўдзіць, атрымае адплату за тое, што паступаў крыўдна (нягодна), бо у Бога няма ўзірання на асобу.
 
А хто несправядліва ўчыніць, той атрымае паводле сваёй няпраўды, у Яго няма агляду на асобы.