1 да Карынфянаў 5 разьдзел
Першае пасланьне да Карынфянаў
Пераклад П. Татарыновіча → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Чутно незапярэчна аб распусьце у вас, ды такой распусьце, якое навет і між паганамі ня чувана: што нехта мае жонку бацькі свайго.
І вы напышніліся, ўместа жалобай акрыцца, каб выключыць з-паміж сябе таго, хто дапусьціўся гэткага ўчынку.
Я то — хоць ня быў прысутны ў вас целам, а толькі духам — ужо асудзіў такога праступніка, якбы й прысутна:
на вашым, у імя Усеспадара нашага Езуса Хрыстуса, зыбранні лучна з маім духам, моцаю Усеспадара нашага Езуса,
выдаць гэткага на загубу цела шатану, каб дух быў збаўлёны ў дзень Госпадавы!
Няма чым хваліцца вам! Ціж ня ведаеце, што крошка закісі ўсё цеста заквашвае?
Дык вычысьцьце старую закваску, каб сталіся новай рошчынай, вы-ж бо бесквасыя; бо Пасха наша — ахвяраваны Хрыстус.
Сьвяткуйма восьжа не ў старой заквасцы, ані ў кісьлі негадзі й крывадушша, але ў праснакох чыстасьці і праўды.
Я ў лісьце пісаў вам: ня мець зносінаў з распусьнікамі, —
не наагул з распусьнікамі гэтага сьвету, ні скупцамі, ані грабежнікамі, ці ідалапаклоннікамі, бо давялосяб хіба зыйсьці з гэтага сьвету; —
але я пісаў вам ня мець лучнасьці з такімі, хто называючыся братам, астаецца распусьнікам, скупяньдзёю, балванахвальцам, пляткаром, ці п’яніцай, або грабежнікам — з гэткімі дык навет і ня есьці разам.
Бо якое мне дзела да тых, што вонках нас? Ці ня тых і вы судзцес што сярод вас?
Тых бо, што остарань нас, Бог судзіціме. Выкіньце благое з-пасярод вас!