Ісуса сына Нава 6 разьдзел

Кніга Ісуса сына Нава
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Ерыхон быў абкружаны мурам і замкнуўся перад сынамі Ізраіля. Ніхто не выходзіў з яго і ніхто не ўваходзіў.
 

І сказаў ГОСПАД да Егошуа: «Вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон, валадара яго і ўсіх моцных ваяроў.
 

Усе вы, узброеныя ваяры, абыходзьце вакол гораду раз у дзень. Так рабіце шэсьць дзён.
 

Сем сьвятароў будзе несьці перад Каўчэгам сем трубаў з бараніх рагоў. У сёмы дзень абыйдзіце вакол гораду сем разоў, а сьвятары будуць трубіць у трубы.
 

І станецца, калі загудзіць працягла рог барані і вы пачуеце гук трубы, няхай увесь народ узвысіць гучны крык, і мур гораду разваліцца на месцы, і народ увойдзе, кожны [проста] перад сабою».
 

Егошуа, сын Нуна, паклікаў сьвятароў і сказаў ім: «Нясіце Каўчэг Запавету, а сем сьвятароў няхай нясуць сем трубаў з рагоў бараніх перад Каўчэгам ГОСПАДА».
 

А потым загадаў народу: «Ідзіце і абыходзьце горад, а ўзброеныя [ваяры] няхай ідуць перад Каўчэгам ГОСПАДА».
 

Як толькі Егошуа скончыў гаварыць, сем сьвятароў затрубілі ў сем трубаў з рагоў бараніх і пайшлі, а Каўчэг Запавету ГОСПАДА пайшоў за імі.
 

І ўсё ўзброенае войска ішло перад сьвятарамі, што трубілі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам, і трубы штораз мацней трубілі.
 

А Егошуа загадаў людзям: «Не гаманіце, каб ня чуўся гоман ваш, і каб нават слова не выходзіла з вуснаў вашых, але калі настане дзень, у які скажу вам: “Крычыце”, тады будзеце крычаць».
 

І вось Каўчэг ГОСПАДА за дзень абыйшоў горад, і ўсе вярнуліся ў табар, і там пераначавалі.
 

І ўстаў Егошуа рана, і сьвятары ўзялі Каўчэг Запавету.
 

Сем з іх узялі сем трубаў з рагоў бараніх, і пайшлі перад Каўчэгам ГОСПАДА, ідучы і трубячы, а ўзброеныя дружыны ішлі перад імі, а рэшта войска ішла за Каўчэгам і, ідучы, трубілі.
 

І ў другі дзень абыйшлі горад адзін раз, і вярнуліся ў табар свой. Так рабілі шэсьць дзён.
 

У сёмы дзень, на сьвітаньні ўстаўшы, абыйшлі горад такім самым спосабам сем разоў. Толькі ў той дзень абыйшлі горад сем разоў.
 

Калі сьвятары за сёмым разам затрубілі ў трубы, Егошуа крыкнуў народу: «Крычыце! ГОСПАД аддаў вам гэты горад.
 

Няхай будзе горад пад закляцьцем! Ён і ўсё, што ў ім — для ГОСПАДА. Адна толькі Рахаў распусьніца будзе жыць разам з усімі, якія будуць з ёй у доме, бо яна схавала выведчыкаў, якіх мы паслалі.
 

Вы ж сьцеражыцеся, каб нічога абложанага закляцьцем ня бралі, каб і самім не падпасьці пад закляцьце, калі возьмеце [заклятае], бо тады вы зробіце праклятым увесь табар і прынесяцё яму няшчасьце.
 

Усё, што залатое або срэбнае, і посуд мядзяны, і жалеза — гэта сьвятыня для ГОСПАДА, і зьмешчаны яны будуць у скарбніцах Ягоных».
 

І народ падняў гармідар ваенны, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ гук трубаў, закрычаў гучным крыкам ваенным, і муры разваліся на месцы, і народ увайшоў у горад, кожны напрасткі. І так занялі горад.
 

Сілай закляцьця ўсё прызначалі на сьмерць, і выбілі ўсіх, хто ў ім быў, ад мужчыны да жанчыны, ад дзіцяці да старога, і валоў, авечак і аслоў забілі мячом.
 

А двум мужчынам, якія былі выведчыкамі, Егошуа сказаў: «Ідзіце ў дом той жанчыны распусьніцы і прывядзіце яе і ўсё, што ейнае, як ёй пад прысягай абяцалі».
 

Юнакі пайшлі і прывялі Рахаў і бацькоў ейных, братоў ейных і ўсе рэчы, і сваякоў яе, і пакінулі па-за табарам.
 

А горад і ўсё, што ў ім было, спалілі, апрача срэбра, золата, мядзянага посуду і жалеза, якія аддалі ў скарбніцу Дому ГОСПАДА.
 

А Рахаў распусьніцу, і сям’ю бацькі ейнага, і ўсё, што мела, пакінуў Егошуа пры жыцьці. І абжылася яна сярод Ізраіля па сёньняшні дзень, бо яна схавала выведчыкаў, якіх паслаў Егошуа для выведваньня Ерыхону.
 

У той час Егошуа пакляўся і сказаў: «Няхай будзе пракляты перад абліччам ГОСПАДА чалавек, які ўзяўся б адбудаваць горад Ерыхон. За цану жыцьця першароднага свайго закладзе падваліны ягоныя, за цану жыцьця наймалодшага сына паставіць брамы».
 

І ГОСПАД быў з Егошуа, і слава ягоная разыйшлася па ўсёй зямлі.