Езэкііля 15 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Л. Гарошка

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 

«Сыне чалавечы, ці дрэва вінаграду лепшае за ўсе дрэвы лісьцёвыя, якія сярод дрэваў у лесе?
 

Ці бяруць з яго дрэва, каб нешта зрабіць? Ці бяруць з яго калок, каб на ім павесіць нейкія рэчы?
 

Вось, кідаецца яно ў агонь на спаленьне, абодва ягоныя канцы спальвае агонь, і сярэдзіна ягоная згарыць. Ці надаецца яно на нешта?
 

Вось, калі яно цэлае не надавалася да апрацоўкі, тым больш яно не надаецца да апрацоўкі, калі агонь яго спаліў, і яно згарэла.
 

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Як з дрэвам вінаграду сярод дрэваў у лесе, якое Я ўкінуў у агонь на спаленьне, так зраблю з жыхарамі Ерусаліму.
 

І Я зьвярну аблічча Маё супраць іх. З [аднаго] агню яны выйшлі, але [другі] агонь іх праглыне. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я зьвярну аблічча Маё супраць іх.
 

І Я замяню зямлю гэтую ў пустку, бо яны нявернасьцю няверныя, кажа Госпад ГОСПАД».