Езэкііля 15 разьдзел

Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
 
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:

«Сыне чалавечы, ці дрэва вінаграду лепшае за ўсе дрэвы лісьцёвыя, якія сярод дрэваў у лесе?
 
«Сыну людзкі! што віно супроці дзерва альбо галуза вінная супроці галузы дзерваў?

Ці бяруць з яго дрэва, каб нешта зрабіць? Ці бяруць з яго калок, каб на ім павесіць нейкія рэчы?
 
Ці можа быць брана зь яго дзярва, каб зрабіць якую-колечы рэч? альбо ці можна ўзяць калок ізь яго, каб павесіць на ім якую судзіну?

Вось, кідаецца яно ў агонь на спаленьне, абодва ягоныя канцы спальвае агонь, і сярэдзіна ягоная згарыць. Ці надаецца яно на нешта?
 
Гля, кідаюць у цяпло на пажэрце; цяпло зжарэць абодва канцы яго, і сярэдзіна яго абгарае; ці годзіцца яно на выраб?

Вось, калі яно цэлае не надавалася да апрацоўкі, тым больш яно не надаецца да апрацоўкі, калі агонь яго спаліў, і яно згарэла.
 
Гля, як яно не гадзілася на ніякую работу; пагатове ня згодзіцца на работу, як цяпло пажэрла яго, і яно абгарэла.

Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД. Як з дрэвам вінаграду сярод дрэваў у лесе, якое Я ўкінуў у агонь на спаленьне, так зраблю з жыхарамі Ерусаліму.
 
Затым гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Як віно меж дзерваў лесавых, каторае Я кінуў у цяпло на пажэрце, так Я кіну жыхараў Ерузаліму.

І Я зьвярну аблічча Маё супраць іх. З [аднаго] агню яны выйшлі, але [другі] агонь іх праглыне. І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, калі Я зьвярну аблічча Маё супраць іх.
 
І зьвярну від Свой супроці іх: з аднаго цяпла яны выйдуць, і другое цяпло пажарэць іх; і вы даведаецеся, што Я — СПАДАР, як Я зьвярну від Свой супроці вас.

І Я замяню зямлю гэтую ў пустку, бо яны нявернасьцю няверныя, кажа Госпад ГОСПАД».
 
І спустошу зямлю, бо яны ізрадліва ізрадзілі"», — агалашае Спадар СПАДАР.