Езэкііля 38 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы:
І было імне слова СПАДАРОВА, кажучы:
«Сыне чалавечы, зьвярні аблічча тваё супраць Гога з зямлі Магог, князя Рошу, Мэшэку і Тувалю, і прароч супраць яго,
«Сыну людзкі! зьвярні від свой да Ґоґа зямлі Маґоґа, галоўнага князя Мешэха а Фувала, і праракай празь яго,
і кажы: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Вось, Я супраць цябе, Гог, князь Рошу, Мэшэку і Тувалю.
І скажы: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Гля, Я супроці цябе, Ґожа, галоўны княжа Мешэха а Фувала!
І Я завярну цябе, і ўкладу гакі ў сківіцы твае, і выведу цябе і ўсё войска тваё, коней і вершнікаў, усіх выдатна ўзброеных, збор шматлікі, са шчытамі і тарчамі, усіх узброеных мячамі.
І зьвярну цябе назад, і зацягну кручкі ў шчэляпы твае, і вывяду цябе а ўсе войска тваё, коні а коньнікаў, усіх, што ўзлажыўшы поўную зброю, вялікую грамаду з панцырамі а шчытамі, усіх дзяржачых мячы:
Пэрсы, Куш і Пут, усе яны са шчытом і шаломам,
Пэрсаў, Ефіоплян а Пуцян ізь імі, усіх із шчытамі і ў шоламах,
Гомэр і ўсе дружыны ягоныя, дом Тагармы з канцоў поўначы і ўсе дружыны іхнія, і мноства народаў з табою.
Ґомера а ўсі вяткі ягоныя, дом Фоґармы а ўсі паўночныя стараны ягоныя, а ўсі вяткі ягоныя, шмат якія люды з табою.
Падрыхтуйся і будзь гатовы, ты і ўсе зборы твае, якія сабраліся кругом цябе, і ты будзеш з імі на варце.
Гатуйся, гатуйся, ты а ўся грамада твая, што зьберлася да цябе, і будзь ім пярэднім войскам.
Праз шмат дзён Я наведаю цябе, пры канцы гадоў ты прыйдзеш у зямлю, якая ацалела ад мяча, у якой сабраны [народ] спаміж шматлікіх народаў на гарах Ізраіля, што доўга былі руінаю. І ён будзе выведзены спасярод народаў, і яны ўсе будуць жыць у бясьпецы.
За шмат дзён да цябе даведаюцца; апошніх год ты прыйдзеш да зямлі, вывальненае ад мяча і зьбертае із шмат людаў, на горы Ізраелявы, што былі кажначаснаю пустынёю; і ён вышаў із шмат людаў, і будуць жыць у бясьпечнасьці ўсі.
І ты ўвойдзеш, як бура, і прыйдзеш, як хмара, каб пакрыць зямлю. Будзеш [там] ты і ўсе дружыны твае, і шмат народаў з табою.
Узьнімешся й прыйдзеш, як бура; як хмара пакрыеш зямлю, ты а ўсі вяткі твае і шмат людаў із табою’.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. І станецца ў той дзень, і ўвойдуць словы ў сэрца тваё, і ты задумаеш думку ліхую,
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "І станецца таго дня, што справы прыйдуць тэ ўдум, і ты задумаеш благую думку,
і скажаш: "Вырушу на зямлю неўмацаваную, пайду на [людзей] спакойных, якія жывуць у бясьпецы, усе яны ня маюць муроў, засавак і брамаў,
І скажаш: "Пайду на зямлю адкрытых сёлаў, пайду на бязрупатлівых, што жывуць нядбайна, — усі яны жывуць бязь сьценаў, і няма ў іх ані завалаў, ані дзьвярэй, —
каб рабаваць рабаваньнем і браць здабычу, каб руку сваю зьвярнуць супраць руінаў, якія [зноў] абжытыя, і супраць народу, які сабраны спасярод народаў, які набывае статкі і маёмасьць, і жыве ў сярэдзіне зямлі".
Каб паглабаць глабань і здабыць здабытак, налажыць руку на заселеныя пусташы й на люд, зьберты з народаў, што прыдбаў статак а маемасьць, каторы жывець па сярэдзіне зямлі".
Шэва і Дэдан, і купцы з Таршышу, і ўсе ільвяняты ягоныя скажуць табе: "Ці ты прыйшоў узяць здабычу? Ці ты сабраў зборышча тваё, каб рабаваць рабаваньнем, каб вынесьці срэбра і золата, каб узяць для сябе статкі і маёмасьць, каб узяць здабычу вялікую? "”
Шэва а Дэдан а купцы таршыскія з усімі левянятамі сваімі скажуць табе: "Ці паглабаць глабань ты прышоў, ці здабыць здабытак ты зьбер грамаду сваю, забраць срэбра а золата, адабраць статак а маемасьць, наглабаць вялікую глабань?"’"
Дзеля гэтага прароч, сыне чалавечы, і скажы Гогу: “Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ж у той дзень, калі народ Мой Ізраіль будзе жыць у бясьпецы, ты не даведаешся пра гэта?
Затым праракай, сыну людзкі, і скажы Ґоґу: "Гэтак кажа Спадар СПАДАР: "Таго дня, калі люд Мой Ізраель жывець бясьпечна, ты ня будзеш ведаць?
І ты прыйдзеш з месца свайго, з канца поўначы, ты і шмат народаў з табой, усе сядзяць на конях, зборышча вялікае і войска шматлікае.
І прыйдзеш із свае мясцовасьці, з паўночных старон, ты а шмат якія люды з табою, усі зь іх езьдзячыя на конях, збор вялікі і войска шмат;
І ты выйдзеш супраць народу Майго Ізраіля, як хмара, каб пакрыць зямлю. Пры канцы дзён станецца [гэта], і Я прывяду цябе ў зямлю Маю, каб даведаліся пра Мяне народы, калі Я выяўлю сьвятасьць Маю на табе, Гог, на вачах іхніх”.
І ўзыйдзеш на люд Мой Ізраеля, як хмара, каб пакрыць зямлю; гэта будзе апошніх дзён; і Я прывяду цябе на зямлю Сваю, каб народы пазналі Мяне, як Я ўсьвячуся ў табе, Ґожа, перад ачмі іхнымі’.
Гэта кажа Госпад ГОСПАД. Ці ты — той, пра якога ў дні старадаўнія Я гаварыў праз рукі слугаў Маіх, прарокаў Ізраіля, якія ў тыя дні прадказвалі, што Я прывяду цябе да іх?
Гэтак кажа Спадар СПАДАР: ’Ці ня ты тый, праз каторага Я гукаў у старавеччу слугамі Сваімі прарокамі Ізраелявымі, каторыя праракалі гэных дзён тыя гады, калі Я прывяду цябе на іх?
І станецца ў той дзень, у дзень, калі Гог прыйдзе ў зямлю Ізраіля, кажа Госпад ГОСПАД, рэўнасьць Мая ўвойдзе ў ноздры Мае.
І станецца таго самага часу калі Ґоґ прыйдзе на зямлю Ізраеляву, — агалашае Спадар СПАДАР, — што гнеў Мой пакажацца на відзе Маім;
І ў ярасьці Маёй, у полымі гневу Майго Я прамовіў: “Сапраўды, у той дзень станецца землятрус вялікі ў зямлі Ізраіля.
Бо ў завісьці Сваёй, у цяпле абурэньня Свайго Я казаў: канечне таго дня зьдзеецца вялікае здрыгненьне ў зямлі Ізраелявае
І задрыжаць перад абліччам Маім рыбы марскія і птушкі нябесныя, зьвяры палявыя і ўсё, што поўзае па зямлі, і ўсе людзі, якія на абліччы зямлі. І будуць зруйнаваныя горы, і заваляцца стромыя [скалы], і ўсе муры ўпадуць на зямлю.
Ажно задрыжыць на прытомнасьць Маю рыба морская і птушкі нябёсныя і зьвяры палявыя, і ўсі паўзуны, што поўзаюць па зямлі, і ўсі людзі, што на відзе зямлі, і разваляцца горы, і зваляцца стромы, і кажная сьцяна зваліцца на зямлю.
І Я паклічу супраць яго меч на ўсіх гарах, кажа Госпад ГОСПАД, меч кожнага [зьвернецца] супраць брата.
І па ўсіх горах Маіх гукну на яго меч, — агалашае Спадар СПАДАР, — меч кажнага чалавека супроці брата ягонага.
І Я буду судзіць яго заразаю, крывёй і дажджом залеўным, і градам каменным. Агонь і серку спашлю на яго, і на дружыны ягоныя, і на народы шматлікія, якія з ім.
І буду прававацца зь ім ліпучкаю а крывёю а лівуном а каменным градам а цяплом а серкаю — пашлю дажджом на яго а на вяткі ягоныя а на шмат людаў, што зь ім.
І Я ўзьвялічуся, і выяўлю сьвятасьць, і выяўлю Сябе перад вачыма народаў шматлікіх, і яны даведаюцца, што Я — ГОСПАД”.
Гэтак узьвялічуся а ўсьвячуся а абяшчуся ў вачох шмат народаў; і даведаюцца, што Я — СПАДАР’".