Езэкііля 48 разьдзел
Кніга прарока Езэкііля
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Вось імёны каленаў. Ад канца паўночнага ў бок шляху на Хэтлён, як ісьці да Хамату, да Хацар-Энону, на мяжы Дамаску, на поўначы ў бок Хамату, ад усходу да захаду, — частка Дана.
Гэта ймёны плямёнаў: з паўночнага канца па дарозе да Гэтлёну, як яна йдзець на Гамаф, Гацар-Енон, граніцаю Дамашку з поўначы ўздоўж Гамафу, з усходняе стараны й заходняе — Дану, дзель адна.
А пры мяжы Дана ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Асэра.
А ля граніцы Дана ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Ашэру, дзель адна.
А пры мяжы Асэра ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Нэфталі.
А ля граніцы Ашэра ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Наффаліму, дзель адна.
А пры мяжы Нэфталі ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Манасы.
І ля граніцы Наффаліма ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Манасу, дзель адна.
А пры мяжы Манасы ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Эфраіма.
І ля граніцы Манаса ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Яхрэму, дзель адна.
А пры мяжы Эфраіма ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Рубэна.
І ля граніцы Яхрэма ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Рувіну, дзель адна.
А пры мяжы Рубэна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Юды.
І ля граніцы Рувіна ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Юдзе, дзель адна.
А пры мяжы Юды ад боку ўсходняга да боку заходняга будзе дар, які вы прынясеце, [частка] шырынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і даўжынёю як адна з частак [каленаў] ад боку ўсходняга да боку заходняга, і будзе сьвятыня на сярэдзіне яе.
І ля граніцы Юды ад усходняе стараны аж да стараны заходняе будзе аброк, каторы вы абрачыце, дваццаць пяць тысячаў прутоў ушыркі, а ўдаўжкі, як адна зь дзеляў, з усходняе стараны аж да стараны заходняе; і сьвятыня будзе сярод яго.
Гэта дар, які вы прынясеце для ГОСПАДА, даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў].
Тый аброк, што вы абрачыце СПАДАРУ — дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі.
І гэта будзе частка сьвятая для сьвятароў: на поўнач дваццаць пяць тысячаў [прутоў], на захад дзесяць тысячаў [прутоў], на ўсход дзесяць тысячаў [прутоў], на поўдзень дваццаць пяць тысячаў [прутоў], і будзе сьвятыня ГОСПАДА на сярэдзіне яе.
І тым сьвятаром будзе сьвяты аброк, на поўнач дваццаць пяць тысячаў і на захад дзесяць тысячаў ушыркі, і на ўсход дзесяць тысячаў ушыркі, і на паўдня дваццаць пяць тысячаў удаўжкі; і сьвятыня СПАДАРОВА будзе пасярод яго,
Для сьвятароў пасьвячоных з сыноў Цадока, якія пільнавалі служэньне Маё, якія не блукалі, калі блукалі сыны Ізраіля, як блукалі лявіты,
Сьвятаром, пасьвячаным із сыноў Садокавых, што стаялі на варце Маёй, каторыя ня зблудзілі, як зблудзілі сынове Ізраелявы, як зблудзілі Левітаве.
будзе частка са [сьвятога] дару зямлі, як сьвятое сьвятых, побач з часткаю лявітаў.
І аброк із абрачонае зямлі будзе ім, рэч найсьвятшая, ля граніцы Левітаў.
А лявіты маюць [частку] побач з часткай сьвятароў, даўжынёю ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырынёю ў дзесяць тысячаў [прутоў], разам доўгая на дваццаць пяць тысячаў [прутоў] і шырокая на дзесяць тысячаў [прутоў].
І супроці граніцы сьвятароў Левітам дваццаць пяць тысячаў удаўжкі і дзесяць тысячаў ушыркі; уся даўжыня дваццаць пяць тысячаў, а шырыня дзесяць тысячаў.
Ня будуць прадаваць з яе нічога, і ня будуць замяняць, і ніхто не забярэ што найлепшае з зямлі гэтай, бо яна сьвятая для ГОСПАДА.
І яны ня маюць прадаваць із гэтага ані мяняць, хай не пераходзе пяршына зямлі, бо пасьвячаная СПАДАРУ.
А пяць тысячаў [прутоў], якія яшчэ засталіся з шырыні ў дваццаць пяць тысячаў [прутоў], будуць звычайныя, і будуць для гораду для засяленьня і на пашу, а горад будзе пасярэдзіне.
І засталыя пяць тысячаў ушыркі супроці дваццаць пяцёх тысячаў будуць будзеннымі пад места, на сялібы а на перадмесьці; і места будзе ў сярэдзіне іх.
Вось памеры ягоныя: бок паўночны — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў]; бок паўднёвы — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], бок усходні — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], бок заходні — чатыры тысячы пяцьсот [прутоў].
І вось памеры іх: паўночная старана чатыры тысячы пяцьсот і паўднявая старана чатыры тысячы пяцьсот, і ўсходняя старана чатыры тысячы пяцьсот, і заходняя старана чатыры тысячы пяцьсот.
І будзе паша для гораду: на поўнач — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на поўдзень — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на ўсход — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў], на захад — дзьвесьце пяцьдзясят [прутоў].
А перадмесьці места маюць быць на поўнач на дзьвесьце пяцьдзясят, і на паўдня на дзьвесьце пяцьдзясят, і на ўсход на дзьвесьце пяцьдзясят, і на захад на дзьвесьце пяцьдзясят.
А тое, што засталося з даўжыні насупраць часткі сьвятой, [мае] дзесяць тысячаў [прутоў] на ўсход і дзесяць тысячаў [прутоў] на захад. І будзе яно каля часткі сьвятой, і ўраджай ягоны будзе на хлеб для работнікаў гораду.
І астача ўдаўжкі супроці сьвятога аброку — дзесяць тысячаў на ўсход і дзесяць тысячаў на захад, і яна мае быць супроці сьвятога аброку, і прыбытак ізь яе мае быць на емя тым, што служаць месту.
Будуць яго апрацоўваць работнікі гораду, якія з усіх каленаў Ізраіля.
І службіты места служыць будуць яму з усіх плямёнаў Ізраелявых.
Уся частка [сьвятая] будзе мець [памер] дваццаць пяць тысячаў [прутоў] на дваццаць пяць тысячаў [прутоў]; чатырохкутнік, прынесены як дар сьвяты з уласнасьці гораду.
І аброк будзе мець дваццаць пяць тысячаў на дваццаць пяць тысячаў, чатыракутні абрачыце сьвяты аброк зь дзяржаваю месцкаю.
А рэшта — для князя з аднаго і другога боку часткі сьвятой і ўласнасьці гораду, уздоўж тых дваццаці пяці тысячаў [прутоў] аж да мяжы ўсходняй, а на захадзе ўздоўж тых дваццаці пяці тысячаў [прутоў] аж да мяжы заходняй, насупраць частак каленаў, гэта для князя, і будзе частка сьвятая і сьвятыня пасярэдзіне.
І астача князю; абапал сьвятога аброку й дзяржавы месцкае перад дваццаць пяцьма тысячамі аброку аж да граніцы ўсходняе і на захад перад дваццаць пяцьма тысячамі ля граніцы заходняе супроці гэтых дзеляў, князю будзе; і будзе сьвяты аброк, і сьвятліня дому будзе ў сярэдзіне яго.
Уласнасьць лявітаў і ўласнасьць гораду будзе пасярод таго, што належыць князю. Паміж мяжой Юды і мяжой Бэн’яміна будзе [частка] князя.
А ад дзяржавы Левітаў і ад дзяржавы места ў прамежку таго, што ўжо княжае меж граніцаю Юды і граніцаю Веняміна, мае быць князю.
А рэшта каленаў: ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Бэн’яміна.
Што да засталых плямёнаў, то ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Веняміну, дзель адна.
А пры мяжы Бэн’яміна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Сымона.
І ля граніцы Веняміновае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Сымону, дзель адна.
А пры мяжы Сымона ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Ісахара.
І ля граніцы Сымонавае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Іссасхару, дзель адна.
А пры мяжы Ісахара ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Завулёна.
І ля граніцы Іссасхаровае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Завулону, дзель адна.
А пры мяжы Завулёна ад боку ўсходняга да боку заходняга — частка Гада.
І ля граніцы Завулонавае ад усходняе стараны аж да стараны заходняе — Ґаду, дзель адна.
А пры мяжы Гада з боку паўднёвага ў правы бок будзе мяжа ад Тамару да водаў Мэрывот-Кадэшу і ўздоўж ручая да Мора Вялікага.
І ля граніцы Гада на паўднявой старане на паўдня будзе граніца ад Тамары аж да вады сьпярэчкі Кадэшу, да цур’я ля вялікага мора.
Гэта зямля, якую падзеліце жэрабем як спадчыну паміж каленаў Ізраіля, і гэта часткі іхнія, кажа Госпад ГОСПАД.
Гэта зямля, што вы маеце падзяліць жэрабям плямёнам Ізраелявым на спадак, і гэта дзель іх, — агалашае Спадар СПАДАР.
І вось выхады з гораду. З боку паўночнага, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў] даўжыні,
І гэта граніца места: з паўночнае стараны чатыры тысячы пяцьсот мера;
брамы гораду [названыя] паводле імёнаў каленаў Ізраіля. Тры брамы з боку паўночнага: адна брама Рубэна, адна брама Юды і адна брама Левія.
І брамы места маюць быць названы подле ймёнаў плямён Ізраелявых; тры брамы на поўнач: адна брама Рувінава, адна брама Юдзіна, адна брама Левава.
З боку ўсходняга, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Язэпа, адна брама Бэн’яміна і адна брама Дана.
І на ўсходняй старане чатыры тысячы пяцьсот; і тры брамы: адна брама Язэпава, адна брама Венямінова, адна брама Данава.
З боку паўднёвага, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Сымона, адна брама Ісахара і адна брама Завулёна.
І на паўднявой старане чатыры тысячы пяцьсот мера; і тры брамы: адна брама Сымонава, адна брама Завулонава.
З боку заходняга, які [мае] чатыры тысячы пяцьсот [прутоў], тры брамы: адна брама Гада, адна брама Асэра і адна брама Нэфталі.
На заходняй старане чатыры тысячы пяцьсот; тры ў ёй брамы: адна брама Ґадова, адна брама Ашэрава, адна брама Наффалімова.
Наўкола [горад] мае васямнаццаць тысячаў [прутоў]. А імя гораду будзе з таго дня: “ГОСПАД там!”»
Навокал асьмінанцаць тысячаў. А імя места адгэнуль: "СПАДАР там"».