Да Рымлянаў 14 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi
А таго, хто слабы ў веры, прыймайце не на [тое, каб] спрачацца пра погляды.
А таго, хто слабы ў веры, прымайце без спрэчак пра ягопогляды.
Бо нехта верыць, што [можна] есьці ўсё, а слабы есьць гародніну.
Адзін верыць, што можна есці ўсё, а слабы есць гародніну.
Хто есьць, не пагарджай тым, хто ня есьць; і хто ня есьць, не судзі таго, хто есьць, бо Бог прыняў яго.
Той, хто есць, няхай не пагарджае тым, хто не есць; а хто не есць, няхай не асуджае таго, хто есць, таму што Бог прыняў яго.
Хто ты такі, які судзіш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром ён стаіць або падае, а будзе стаяць, бо Бог магутны паставіць яго.
Хто ты, што асуджаеш чужога слугу? Перад сваім гаспадаром стаіць ён альбо падае; і будзе пастаўлены, бо ў сіле Бог паставіць яго.
Нехта судзіць [па-рознаму] дзень супраць дня, а нехта судзіць усякі дзень [аднолькава]. Кожны будзь пэўны ў сваім розуме.
Адзін вылучае дзень перад днём, другі ж вылучае кожны дзень. Кожны няхай будзе цалкам упэўнены ва ўласным розуме.
Хто адрозьнівае дні, дзеля Госпада адрозьнівае; і хто не адрозьнівае дзён, дзеля Госпада не адрозьнівае. Хто есьць, дзеля Госпада есьць, бо дзякуе Богу. І хто ня есьць, дзеля Госпада ня есьць, і дзякуе Богу.
Хто шануе пэўны дзень — для Госпада шануе, [а хто не шануе дня — для Госпада не шануе]; і той, хто есць, — для Госпада есць, бо дзякуе Богу; і той, хто не есць, — для Госпада не есць і дзякуе Богу.
Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе, і ніхто не памірае дзеля сябе;
Бо ніхто з нас не жыве дзеля сябе і ніхто не памірае дзеля сябе.
бо як, калі жывем, дзеля Госпада жывем, так і, калі паміраем, дзеля Госпада паміраем. Таму і калі жывем, і калі паміраем, мы — Госпадавы.
Бо ці жывём мы — для Госпада жывём, ці паміраем — для Госпада паміраем. Таму, ці жывём, ці паміраем, мы Гасподнія.
Бо Хрыстос дзеля таго і памёр, і ўваскрос, і жыве, каб валадарыць і над мёртвымі, і над жывымі.
Бо дзеля гэтага Хрыстос памёр і ажыў, каб быць Госпадам і мёртвых, і жывых.
А ты навошта судзіш брата твайго? Або навошта ты пагарджаеш братам тваім? Бо ўсе мы станем перад пасадам судовым Хрыста.
А ты — чаму асуджаеш свайго брата? Альбо і ты — чаму пагарджаеш сваім братам? Бо мы ўсе станем перад Судом Божым,
Бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад, — перада Мною схіліцца ўсякае калена, і ўсякі язык будзе вызнаваць Бога».
бо напісана: «Жыву Я, — кажа Госпад. — Перада Мною схіліцца кожнае калена і кожны язык вызнае Бога».
Дык таму кожны з нас за сябе дасьць справаздачу Богу.
[Дык] тады кожны з нас дасць справаздачу пра сябе Богу.
Дык ня будзем больш судзіць адзін аднаго, але судзіце лепш пра тое, каб як не пакласьці перад братам спатыкненьня ці згаршэньня.
Дык не будзем больш асуджаць адзін аднаго, а лепш разважце пра тое, як не ставіць брату спатыкнення ці спакусы.
Я ведаю і перакананы ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога нячыстага праз сябе; толькі таму, хто лічыць нешта нячыстым, гэта нячыстае.
Я ведаю і ўпэўнены ў Госпадзе Ісусе, што няма нічога самога праз сябе нячыстага, хіба толькі для таго, хто лічыць што-небудзь нячыстым; для таго яно нячыстае.
А калі дзеля ежы засмучаецца брат твой, ты ўжо не паводле любові ходзіш. Не губі тваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
Бо калі з-за яды засмучаецца твой брат, то ты не паводле любові ходзіш. Не губі сваёю ежаю таго, за каго памёр Хрыстос.
Дык няхай ня блюзьняць на вашае добрае.
[Дык] няхай ваша добрае не зневажаецца.
Бо Валадарства Божае — гэта ня ежа і пітво, але праведнасьць, і супакой, і радасьць у Духу Сьвятым.
Бо Царства Божае — не яда і пітво, а праведнасць, мір і радасць у Святым Духу.
Бо хто ў гэтым служыць Хрысту, той даспадобы Богу і варты між людзьмі.
Бо той, хто гэтым служыць Хрысту, даспадобы Богу і ўхваляецца людзьмі.
Дык таму будзем імкнуцца да таго, што [служыць] дзеля супакою і ўзаемнага збудаваньня.
Дык будзем тады імкнуцца да таго, што служыць міру і ўзаемнаму ўзрастанню.
Не руйнуй дзеля ежы справы Божай. Усё, па праўдзе, чыстае, але ліхое для чалавека, які есьць праз спатыкненьне.
Не руйнуй працы Божай дзеля яды. Чыстае ўсё, але дрэнна для чалавека — есці, робячы спатыкненне другім.
Добра ня есьці мяса, і ня піць віна, і [не рабіць] нічога, ад чаго брат твой спатыкаецца, ці згаршаецца, ці слабее.
Добра не есці мяса і не піць віна, і не рабіць нічога такога, ад чаго твой брат спатыкаецца, [ці спакушаецца, ці знемагае].
Ты маеш веру? Мей сам у сабе перад Богам. Шчасьлівы той, хто ня судзіць сябе ў тым, што спрабуе.
Вера, якую ты маеш, май для сябе перад Богам. Шчаслівы той, хто не асуджае сябе ў тым, што лічыць добрым;
А хто сумняецца, калі есьць, асуджаны, бо [робіць] не паводле веры; а ўсё, што не паводле веры, — грэх.
а хто сумняваецца, калі есць, асуджаны, боесць не з веры; а ўсё, што не з веры, — грэх.