Да Рымлянаў 12 разьдзел

Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае,
 
Дык прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць вашы целы ў ахвяру жывую, святую, прыемную Богу, як вашу разумную службу.

і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае.
 
І не прыстасоўвайцеся да гэтага веку, а пераўтварайцеся абнаўленнем [вашага] розуму, каб распазнавалі вы, што ёсць воля Божая: што ёсць добрае, што прыемнае Богу і што дасканалае.

Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце [пра сябе] больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры.
 
Бо я кажу дадзенаю мне ласкаю кожнаму з вас: не думаць пра сябе вышэй, чым належыць думаць, а думаць сціпла, як кожнаму Бог вызначыў меру веры.

Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу,
 
Бо як у адным целе мы маем шмат органаў, але не ўсе органы маюць адно і тое ж прызначэнне,

гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
 
так мы, многія, — адно цела ў Хрысце, а асобна — мы адзін для аднаго розныя органы.

Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, [няхай будзе] згодна з верай;
 
І, маючы розныя дары, згодна з ласкаю, дадзенаю нам: і калі прароцтва — будзем прарочыць суразмерна з вераю,

калі служэньне — у служэньні; калі хто вучыць — у навучаньні;
 
а калі служэння — будзем верныя ў служэнні, калі хто вучыць — у навучанні,

калі хто суцяшае — у суцяшэньні; калі хто раздае — у шчырасьці; калі хто кіруе — з дбайнасьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць — з ахвотаю.
 
і калі хто суцяшае — у суцяшэнні; хто дае — у шчырасці; хто кіруе — то з руплівасцю; хто чыніць міласэрнасць — то з радасцю.

Любоў [няхай будзе] некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра.
 
Любоў няхай будзе непрытворная. Брыдзьцеся зла, трымайцеся дабра.

Братняя любоў адзін да аднаго [няхай будзе] ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце;
 
Горача любіце адзін аднаго братняю любоўю, апераджайце адзін аднаго ў шанаванні,

у дбайнасьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце;
 
У руплівасці не будзьце гультаяватыя, духам палайце, служачы Госпаду.

[маючы] надзею, радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве — няспыннымі;
 
У надзеі радуйцеся, у горы будзьце стойкімі, у малітве — настойлівыя.

у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці.
 
Прымайце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасціннымі.

Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце.
 
Добраслаўляйце тых, хто вас гоніць; добраслаўляйце, а не праклінайце.

Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
 
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, [і] плачце з тымі, хто плача.

Думайце адзін пра аднаго аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе.
 
Будзьце між сабою аднадумныя, не ўпадайце ў высакамер’е, а ідзіце ўслед за сціплымі, не лічыце сябе за разумнікаў.

Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
 
Не плаціце нікому злом за зло, дбайце загадзя пра добрае для ўсіх людзей.

Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі.
 
Калі мажліва, наколькі гэта залежыць ад вас, жывіце ў міры з усімі людзьмі.

Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу [Божаму], бо напісана: «“Мне [належыць] помста, Я аддам”, — кажа Госпад».
 
Не помсціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу Божаму, бо напісана: «У Мяне помста. Я адплачу, — кажа Госпад».

Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя.
 
Дык, калі «твой вораг галодны, накармі яго; калі хоча піць — напаі яго; бо, робячы гэта, ты збярэш на яго галаву гарачае вуголле».

Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
 
Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.