Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Рымлянам 12 Рымлянам 12 разьдзел

1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасьць Божую, аддайце целы вашыя на ахвяру жывую, сьвятую, прыемную Богу, на разумнае служэньне вашае,
2 і не прыпадабняйцеся веку гэтаму, але перамяняйцеся праз абнаўленьне розуму вашага, каб вам выпрабаваць, што ёсьць воля Божая, што добрае, і прыемнае [Богу], і дасканалае.
3 Бо праз ласку, дадзеную мне, кажу кожнаму з вас: ня думайце [пра сябе] больш, чым трэба думаць, але думайце цьвяроза, як Бог кожнага надзяліў мерай веры.
4 Бо як у адным целе маем шмат членаў, але ня ўсе члены маюць тую самую работу,
5 гэтак мы, многія, зьяўляемся адным целам у Хрысьце, а паасобку адзін для аднаго — члены.
6 Калі ж, паводле дадзенай нам ласкі, маем розныя дары, калі прароцтва, [няхай будзе] згодна з верай;
7 калі служэньне — у служэньні; калі хто вучыць — у навучаньні;
8 калі хто суцяшае — у суцяшэньні; калі хто раздае — у шчырасьці; калі хто кіруе — з дбайнасьцю; калі хто чыніць міласэрнасьць — з ахвотаю.
9 Любоў [няхай будзе] некрывадушная; брыдзьцеся зла, прыляпляйцеся да дабра.
10 Братняя любоў адзін да аднаго [няхай будзе] ад усяго сэрца, у пашане адзін аднаго выпярэджвайце;
11 у дбайнасьці не лянуйцеся; духам палайце; Госпаду служыце;
12 [маючы] надзею, радуйцеся; у прыгнёце будзьце вытрывалымі; у малітве — няспыннымі;
13 у патрэбах сьвятых бярыце ўдзел; імкніцеся да гасьціннасьці.
14 Дабраслаўляйце тых, якія вас перасьледуюць, дабраслаўляйце, а не кляніце.
15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, і плачце з тымі, хто плача.
16 Думайце адзін пра аднаго аднолькава; не ўзьвялічвайце саміх сябе, але пакорнымі захапляйцеся; ня будзьце мудрымі самі праз сябе.
17 Нікому не аддаючы ліхотай за ліхоту, дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.
18 Калі магчыма для вас, мейце супакой з усімі людзьмі.
19 Ня помсьціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу [Божаму], бо напісана: «“Мне [належыць] помста, Я аддам”, — кажа Госпад».
20 Дык, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі смагне, напаі яго; бо, робячы гэтае, зьбярэш яму на галаву вугольлі распаленыя.
21 Ня будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Пасланьне да Рымлянаў Апостала Паўла, 12 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023