2 да Цімафея 3 разьдзел

Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Анатоля Клышкi

 
 

Ведай жа тое, што ў апошнія дні надыйдуць злыя часы.
 
Але ведай, што ў апошнія дні настануць цяжкія часы.

Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбцы, пыхліўцы, ганарыстыя, блюзьнеры, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, нячыстыя, бязьлітасныя,
 
Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, выхвалякі, пагардлівыя, ліхамоўныя, непаслухмяныя бацькам, няўдзячныя, бязбожныя,

няўмольныя, паклёпнікі, неапанаваныя, жорсткія, ненавісьнікі таго, што добрае,
 
бессардэчныя, непрымірымыя, паклёпнікі, нястрыманыя, жорсткія, ворагі дабра,

здраднікі, неразважныя, фанабэрыстыя, якія больш любяць асалоду, чым Бога,
 
здраднікі, безразважныя, ганарлівыя, больш раскошалюбныя, чым богалюбныя,

якія маюць выгляд пабожнасьці, а сілы яе адракліся. Ад гэтакіх адварочвайся.
 
будуць мець выгляд набожнасці, але яны адракліся ад сілы яе; і ад такіх трымайся як мага далей.

Бо з гэтакіх тыя, што закрадаюцца ў дамы і палоняць жанчынак, абцяжараных грахамі, якіх водзяць розныя пажадлівасьці,
 
Бо ў іх ліку тыя, хто ўкрадваецца ў дамы і палоніць жанчынак, абцяжараны грахамі і зводзяцца рознымі пажадлівасцямі,

якія заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да пазнаньня праўды.
 
заўсёды вучацца і ніколі не могуць дайсці да спазнання ісціны.

Як Яннэс і Ямбрэс супрацьстаялі Майсею, гэтак і яны супрацьстаяць праўдзе, людзі з папсаваным розумам, няздатныя ў веры.
 
Як Іянній і Іямврый супрацьстаялі Маісею, так і гэтыя супроцьстаяць ісціне, людзі сапсаванага розуму, якія не вытрымалі выпрабавання ў веры.

Але яны ня шмат будуць узрастаць, бо шаленства іхняе выкрыецца перад усімі, як гэта і сталася з тымі.
 
Але яны не прасунуцца далей, бо іх глупства будзе відаць усім, як гэта здарылася з глупствам тых.

А ты пайшоў сьледам за мною ў навучаньні, ладзе жыцьця, намерах, веры, доўгацярплівасьці, любові, непахіснасьці,
 
Ты ж пайшоў услед за маім вучэннем, паводзінамі, намерамі, вераю, доўгацярпеннем, любоўю, стойкасцю,

перасьледваньнях, пакутах, якія здарыліся са мною ў Антыёхіі, Іконіі, Лістрах; гэтыя перасьледваньні я перанёс, і з усіх выбавіў мяне Госпад.
 
ганеннямі, пакутамі, якія выпалі мне ў Антыяхіі, у Іконіі, у Лістрах. Якія ганенні я перанёс, і ад усіх збавіў мяне Госпад!

Дый усе, якія хочуць жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, перасьледаваны будуць.
 
Ды і ўсе, хто хоча жыць набожна ў Хрысце Ісусе, будуць гнаныя.

А злыя людзі і ашуканцы будуць узрастаць у зьле, падманваючы [іншых] і падманваючы сябе.
 
а ліхія людзі і ашуканцы будуць рабіцца ўсё горшымі і горшымі, уводзячы ў зман і самі ўводзячыся ў зман.

А ты заставайся ў тым, чаго навучыўся і што табе даверана, ведаючы, праз каго ты навучаны;
 
Ты ж заставайся ў тым, чаму ты навучыўся і ў чым пэўны, ведаючы, у каго ты навучыўся

і што ты з дзяцінства ведаеш Сьвятое Пісаньне, якое можа зрабіць цябе мудрым на збаўленьне праз веру, што ў Хрысьце Ісусе.
 
і што з маленства ты ведаеш Святыя Пісанні, якія могуць умудрыць цябе да выратавання праз веру, якая ў Хрысце Ісусе.

Усё Пісаньне натхнёнае Богам і карыснае дзеля навучаньня, дзеля дакараньня, дзеля выпраўленьня, дзеля дысцыплінаваньня ў праведнасьці,
 
Усякае Пісанне боганатхнёнае і карыснае для навучання, для выкрывання, для выпраўлення, для выхавання ў праведнасці,

каб дасканалым быў чалавек Божы, да ўсякае добрае справы гатовым.
 
каб чалавек Божы быў дасканалым, поўнасцю падрыхтаваны да кожнага добрага ўчынку.