Лявіт 16 разьдзел

Лявіт
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Праваслаўнай Царквы

 
 

І прамовіў ГОСПАД да Майсея пасьля сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча ГОСПАДА і памерлі,
 

і сказаў ГОСПАД Майсею: «Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час ён уваходзіў у [Месца] Сьвятое за заслону перад накрыўкай, якая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
 

Вось, будзе ён уваходзіць у [Месца] Сьвятое, узяўшы маладое цяля ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэласпаленьня.
 

І няхай апранецца ён у шату льняную сьвятую, і сподні льняныя будуць на целе ягоным, і перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе ільняны кідар; гэта шаты сьвятыя. Няхай ён абмые цела сваё ў вадзе і апране іх.
 

І возьме ад грамады сыноў Ізраіля двух казлоў: аднаго — у ахвяру за грэх, а другога — у ахвяру цэласпаленьня.
 

І Аарон прывядзе цяля ў ахвяру за грэх за сябе і перапросіць за сябе і за дом свой.
 

І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад абліччам ГОСПАДА перад уваходам у Намёт Спатканьня.
 

І кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя — для ГОСПАДА, а другое жэрабя — для Азазэля.
 

І прывядзе Аарон таго казла, на якога выпала жэрабя для ГОСПАДА, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
 

а казла, на якога выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад абліччам ГОСПАДА, каб выканаць перамаленьне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
 

І прывядзе Аарон цяля ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цяля ў ахвяру за грэх за сябе.
 

І возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла, і занясе за заслону;
 

і кіне кадзіла на агонь перад абліччам ГОСПАДА. Воблака кадзіла закрые накрыўку, якая над Каўчэгам Сьведчаньня, і ён не памрэ.
 

І возьме крыві цяляці, і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
 

І заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
 

і перапросіць за [Месца] Сьвятое, за нячыстасьць сыноў Ізраіля і за злачынствы іх паводле ўсіх грахоў іхніх. Гэтак сама зробіць ён з Намётам Спатканьня, які знаходзіцца ў іх сярод нячыстасьці іхняй.
 

Ніводзін чалавек не павінен быць у Намёце Спатканьня, калі Аарон увойдзе, каб выканаць перамаленьне ў [Месцы] Сьвятым, аж пакуль ён ня выйдзе. І ён перапросіць за сябе, за дом свой і за ўсю царкву Ізраіля.
 

І выйдзе да ахвярніка, які перад абліччам ГОСПАДА, і ўчыніць перамольваньне над ім, і возьме крыві бычка і крыві казла, і памажа ёю рогі ахвярніка з усіх бакоў,
 

і пакропіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві, і ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраіля, і асьвяціць яго.
 

І скончыць перамольваньне над [Месцам] Сьвятым, Намётам Спатканьня і ахвярнікам, і прывядзе жывога казла.
 

І ўскладзе Аарон абедзьве рукі свае на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраіля, усе злачынствы іхнія і ўсе грахі іхнія, і ўзложыць іх на галаву казла, і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
 

І панясе казёл з сабой усе правіны іхнія ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
 

І Аарон увойдзе ў Намёт Спатканьня, здыме шаты льняныя, якія апрануў, уваходзячы ў [Месца] Сьвятое, і пакладзе іх там.
 

І абмые цела вадою ў месцы сьвятым, і апране адзеньне сваё, і выйдзе, і складзе ахвяру цэласпаленьня за сябе і за народ, і перапросіць за сябе і за народ.
 

І тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярніку.
 

А [чалавек], які выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне сваё, абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.
 

А бычка ахвяры за грэх і казла ахвяры за грэх, кроў якіх унесена была для перамаленьня за [Месца] Сьвятое, вынясуць па-за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
 

Той, хто спаліць іх, памые адзеньне сваё і абмые цела сваё ў вадзе, і вернецца ў табар.
 

Гэта будзе для вас пастановай вечнай. У сёмы месяц, у дзясяты дзень месяца прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыхадзень, які паселіцца паміж вамі.
 

У той дзень будзе перамаленьне за вас дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам ГОСПАДА.
 

Гэта для вас супачынак супачынку, прыгнятайце душы вашыя. Гэта пастанова вечная.
 

І будзе перамольваць сьвятар, які быў памазаны і пасьвячоны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе шаты льняныя, шаты сьвятыя,
 

і ўчыніць перамольваньне за Сьвятое Сьвятых і Намёт Спатканьня, ахвярнік, і за сьвятароў і за ўвесь народ царквы.
 

Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год перамольваць за сыноў Ізраіля за ўсе грахі іхнія». І зрабіў ён, як загадаў ГОСПАД Майсею.