Адкрыцьцё 3 разьдзел
Адкрыцьцё Яна Багаслова
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Сабілы і Малахава
І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: “Гэта кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: 'Ведаю справы твае, што ты маеш імя, што жывеш, ды ёсьць мёртвы.
І ангелу царквы ў Са́рдах напішы: Гэта гаворыць Той, Хто мае (сем) духаў Бога і сем зорак: Ведаю ўчынкі твае, (і) што маеш імя, што (ты) жывы, але ты мёртвы.
Чувай і ўмацоўвай іншых, якія маюць паміраць, бо не знайшоў Я, каб справы твае былі споўненыя перад Богам.
Будзь чуйным і ўзмацні астатніх, што ма́няцца паме́рці, таму што Я ня знайшоў учынкаў тваіх выкананымі перад Богам.
Дык памятай, што ты атрымаў і пачуў, і захоўвай, і навярніся. А калі ня будзеш чуваць, Я прыйду да цябе, як злодзей, і ты ня будзеш ведаць, у якую гадзіну прыйду да цябе.
Таму прыпомні, як ты прыняў і пачуў, і захоўвай і пакайся. Калі ж ня будзеш чуваць, (то Я) прыйду на цябе, як злодзей, і ты ня пазнаеш, у якую гадзíну прыйду на цябе.
Ты маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не апаганілі адзеньня свайго, і яны будуць хадзіць са Мною ў белым, бо яны дастойныя.
(Але) і ты маеш не́калькіх чалавекаў у Сардах, якія ня забрудзілі вопраткі свае, і яны будуць хадзіць (разам) са Мной у белым, бо яны годны (гэтага).
Той, хто пераможа, будзе апрануты ў белыя шаты; і Я ня вытру імя ягонага з кнігі жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Айцом Маім і перад анёламі Ягонымі'.
Хто пераможа, апранецца ў белыя вопраткі; і ня выкрасьлю імя ягонае са скрутка жыцьця, і вызнаю імя ягонае перад Бацькам Маім і перад Ангеламі Ягонымі,
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.
І анёлу царквы, што ў Філядэльфіі, напішы: “Гэта кажа Сьвяты, Праўдзівы, Які мае ключ Давідавы, Які адчыняе, і ніхто не замкне, і замыкае, і ніхто не адчыніць:
І ангелу царквы ў Хвілядэльхві напішы: Гэта гаворыць Сьвяты, Праўдзівы, Які мае ключ Давіда, Які адмыкае, і ніхто ня замкне, і (Які) замыкае, і ніхто ня адчыніць.
'Ведаю справы твае. Вось, Я даў перад табою дзьверы адчыненыя, і ніхто ня можа замкнуць іх, бо ты маеш малую сілу, і захаваў слова Маё, і не адрокся ад імя Майго.
Ведаю твае ўчынкі; вось Я даў перад табою дзьверы адчыненыя, і ніхто ня можа іх зачыніць, малую маеш (ты) сілу, але захаваў (у веры) слова (абяцаньняў) Маё і ня адрокся (ад) Імені Майго.
Вось, Я даю, што з сынагогі шатана, з тых, якія называюць сябе Юдэямі, ды ня ёсьць, але хлусяць, вось, Я зраблю, каб яны прыйшлі, і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе.
Вось я раблю з (прыналежнікамі) сынагогі шатана, якія называюць сябе юдэямі, але ня ёсьць (імі), а лгуць, — вось Я зраблю зь імі, каб яны прыйшлі і пакланіліся перад нагамі тваімі, і даведаліся, што Я палюбіў цябе.
А што ты захаваў слова цярплівасьці Маёй, і Я захаваю цябе ад гадзіны спакусы, якая мае прыйсьці на ўвесь сусьвет, каб спакусіць жыхароў зямлі.
Так як ты захаваў (у сэрцы сваім) слова (пра) цярплівасьць Маю, дык і Я зьберагу цябе ад (у час) гадзіны спакушэньня, якая мае прыйсьці на ўвесь сьвет, каб выпрабаваць (усіх) тых, што жывуць на зямлі.
Вось, Я прыходжу хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не забраў вянка твайго.
Вось, (Я) іду хутка; трымай, што маеш, каб ніхто ня забраў вянка твайго.
Таго, хто пераможа, Я зраблю слупом у бажніцы Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі; і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерусаліму, які зыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае'.
Хто пераможа, зраблю яго стаўпом ў Сьвятыні Бога Майго, і ён ужо ня выйдзе вонкі, і напішу на ім Імя Бога Майго, і імя места Бога Майго, новага Ярузаліму, які спускаецца зь Неба ад Бога Майго, і Імя Маё новае.
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”.
Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.
І анёлу Ляадыкейскае царквы напішы: “Гэта кажа Амэн, Сьведка верны і праўдзівы, Начальнік стварэньня Божага:
І ангелу царквы Ляодыкійцаў напішы: Гэта кажа Амін, Сьведка верны і праўдзівы, Найвышэйшая Ўлада стварэньня Бога:
'Ведаю справы твае, што ты ані халодны, ані гарачы; о, каб ты быў халодны або гарачы!
ведаю ўчынкі твае, што ты і ні халодны і ні гарачы; о, каб ты быў (альбо) халодны, альбо гарачы!
Дык дзеля таго, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я маю выплюнуць цябе з вуснаў Маіх.
Але як ты цеплаваты ды ня халодны і ня гарачы, то Я маю (намер) выплюнуць цябе із Роту Майго.
Бо ты кажаш: “Я багаты і ўзбагаціўся, і ня маю аніякае патрэбы”, і ня ведаеш, што ты — гаротны, і жалю годны, і ўбогі, і сьляпы, і голы.
Таму што ты кажаш: я багаты і разбагацеў, і ня маю ніякай патрэбы; і ня ведаеш, што ты няшчасны і варты жалю, і ўбогі, і сьляпы, і голы.
Раю табе купіць у Мяне золата, ачышчанае ў агні, каб ты ўзбагаціўся, і белыя шаты, каб апрануўся, і каб ня выявіўся сорам галізны тваёй; і мазьзю для вачэй памаж вочы твае, каб ты бачыў.
Раджу табе купіць у Мяне золата, ачышчанае агнём, каб ты разбагацеў, і вопраткі белыя, каб (табе) апрануцца, і каб ня віда́ць быў сорам голасьці тваёй; ды вочнай мазяй памаж вочы твае, каб бачыць.
Я тых, каго люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівы і навярніся.
Я ўсіх, каго люблю, дакараю і караю. Дык будзь руплівы і пакайся.
Вось, стаю пры дзьвярах і грукаюся; калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць з ім, і ён — са Мною.
Вось стаю каля дзьвярэй і стукаю: калі хто пачуе голас Мой і адчыніць дзьверы, Я ўвайду да яго і буду вячэраць зь ім, і ён са Мною.
Таму, хто пераможа, Я дам сесьці са Мною на пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Айцом Маім на пасадзе Ягоным'.
Таму, хто пераможа, дам сесьці разам са Мною на Пасадзе Маім, як і Я перамог і сеў з Бацькам Маім на Пасадзе Ягоным.
Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам”».
Хто мае вуха, пачуй, што Дух гаворыць цэрквам.