Захарыі 5 разьдзел

Кніга прарока Захарыі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

І я павярнуўся, і ўзьняў вочы мае, і ўбачыў, і вось, скрутак, які ляціць.
 
І я абярнуўся, і ўзьняў вочы свае, і абачыў, і во лётаючы зьвітак.

І ён сказаў мне: “Што ты бачыш?” І я адказаў: “Бачу скрутак, які ляціць. Даўжыня ягоная — дваццаць локцяў, а шырыня ягоная — дзесяць локцяў”.
 
І сказаў ён імне: «Што ты бачыш?» І я адказаў: «Бачу лётаючы зьвітак; удаўжкі ён дваццаць локцяў, і ўшыркі ён дзесяць локцяў».

І ён сказаў мне: “Гэта праклён, які выходзіць на аблічча зямлі; бо кожны, хто крадзе, паводле [напісанага] гэтага будзе зьнішчаны, і кожны, хто прысягае [фальшыва], паводле [напісанага] гэтага будзе зьнішчаны.
 
Тады ён сказаў імне: «Гэта праклён, што выходзе на від усяе зямлі; бо кажны, што крадзець із гэтага, подле гэтага будзе адцяты, і кажны, што клінецца гэтым, подле гэтага будзе адцяты.

Я навяду [праклён], кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і ён прыйдзе ў дом злодзея і ў дом таго, хто прысягае ў імя Маё хлусьліва, і заначуе ў сярэдзіне дому ягонага, і выгубіць яго, і дрэва ягонае, і камяні ягоныя”.
 
Я навяду яго, — агалашае СПАДАР войскаў, — і ён увыйдзе ў дом злодзея а ў дом таго, хто манліва прысягае імям Маім, і заначуе ў доме ягоным, і выгубе яго, і дзерва ягонае, і камяні ягоныя».

І выйшаў анёл, які гаварыў са мною, і сказаў мне: “Узьнімі, прашу, вочы Твае і паглядзі, што гэта выходзіць”,
 
І выступіў Ангіл, што гутарыў з імною, і сказаў імне: «Узьнімі цяпер вочы свае й абач, што гэта, што выходзе»,

І я сказаў: “Што гэта?” І ён сказаў: “Гэта эфа выходзіць”. І сказаў: “Гэта вока іхняе ў-ва ўсёй зямлі”.
 
І я сказаў: «Што гэта?» і ён сказаў: «Гэта ефа выходзе»; і сказаў: «Гэта вока іх па ўсёй зямлі».

І вось накрыўка з волава паднялася, і вось, жанчына нейкая сядзіць у сярэдзіне эфы.
 
І во кавалак волава падняўся ды жонка, што пасярэдзіне ефы.

І ён сказаў: “Гэта нягоднасьць”; і кінуў яе ў сярэдзіну эфы, і кінуў кавалак волава на адтуліну ейную.
 
І сказаў ён: «Гэта нягоднасьць»; і кінуў яе ў ефу, і кінуў кавалак волава ў вадтуліну яе.

І я ўзьняў вочы мае, і глядзеў, і вось, дзьве жанчыны ходзяць, і вецер [быў] у крылах іхніх, і гэтыя крылы — як крылы бусла; і яны паднялі эфу паміж зямлёй і небам.
 
І ўзьняў я вочы свае, і глянуў, і вось, дзьве жонкі вышлі, і вецер быў у крылах іхных, і ў іх крылы — як крылы ў бусла; і паднялі яны ефу меж зямлі й неба.

І я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: “Куды яны нясуць эфу гэтую?”
 
І сказаў я Ангілу, што гутарыў з імною: «Куды яны нясуць гэтую ефу?»

І ён сказаў мне: “Каб пабудаваць ёй дом у зямлі Шынаар, і ён будзе падрыхтаваны, і яе паставяць там на месца ейнае”.
 
І сказаў ён імне: «Станавіць ёй дом у зямлі Сэнаар, і яна будзе прыгатавана й пастаноўлена на сваім подзе».