Ераміі 10 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Рукапіс Л. Дзекуць-Малея М

 
 

Слухайце слова, якое сказаў Госпад да вас, дом Ізраэля!
 

Гэта кажа Госпад: «Не вучыцеся звычаям паганаў ды не бойцеся знакаў нябесных, якіх баяцца пагане,
 

бо законы паганаў марныя. Бо ўмельства рук майстра апрацоўвае сякерай дрэва з лесу,
 

аздабляе яго срэбрам і золатам, мацуе яго цвікамі і малатком, каб не рухалася.
 

Яны — як пудзіла на агурковішчы, не гавораць яны, іх носяць, бо яны не могуць хадзіць: не бойцеся іх, бо не могуць ані блага рабіць, ані добра».
 

Няма нікога падобнага да Цябе, Госпадзе! Магутны Ты, і вялікае імя Тваё ў магутнасці!
 

Хто не збаіцца Цябе, Валадару народаў? Табе належыцца гэта, бо між усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма нікога падобнага да Цябе!
 

Усе яны аднолькава цёмныя і неразумныя, і пустая іх навука, бо яны з дрэва.
 

Срэбраная бляха, прывезеная з Тарсіса, і золата з Уфаза, твор майстра і рук залатара, адзенне іх з блакіту і пурпуру, усё гэта — тварэнне майстроў.
 

А Госпад — Бог сапраўдны, Ён Бог жывы і Валадар вечны; ад гневу Яго задрыжыць зямля, і народы не змогуць устаяць перад пагрозаю Яго.
 

Вось так кажыце ім: «Багі, якія не стварылі неба і зямлю, прападуць з зямлі і з таго, што пад нябёсамі.
 

Ён стварыў зямлю сілай моцы Сваёй, умацаваў сусвет мудрасцю Сваёй і розумам Сваім раскінуў нябёсы.
 

Голасам Сваім Ён творыць шматлікія воды на небе ды падымае хмары ад небасхілаў зямлі, Ён ператварае маланкі ў дождж і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
 

Неразумным стаўся кожны чалавек ды невучоным; пасаромлены кожны майстар ідалам, бо тое, што ён выліў, — фальшывае, і няма духу ў іх.
 

Яны — марнасць, праца, смеху вартая; у час наведання свайго яны загінуць.
 

Не падобная да іх спадчына Якуба, бо Ён — Той, Хто ўфармаваў усё, а Ізраэль — пакаленне спадчыны Яго, Госпад Магуццяў — імя Яму.
 

Пазбірай з зямлі клункі свае, ты, які сядзіш у аблозе!»
 

Бо вось што кажа Госпад: «Вось, Я ў гэты раз выкіну далёка жыхароў зямлі, ды патрывожу іх так, каб адшукалі Мяне».
 

Гора мне дзеля няшчасця майго, рана мая невылечная! Але я сказаў: «Зразумела, гэта хвароба мая, і я перанясу яе».
 

Палатка мая спустошана, усе вяроўкі мае пазрываны, сыны мае адышлі ад мяне і няма іх, няма ўжо нікога, хто б ізноў расцягнуў палатку маю і хто б напяў мае палотны.
 

Бо неразумна паводзілі сябе пастыры і не шукалі Госпада, таму не пашанцавала ім, а ўвесь іх статак рассыпаўся.
 

Голас чуткі, вось, даходзіць і ўзрушэнне вялікае з зямлі паўночнай, каб змяніць гарады юдэйскія ў пустыню і ў паселішча шакалаў.
 

«Ведаю, Госпадзе, што не чалавек вызначае свой шлях, ды не ў моцы чалавека ісці і накіроўваць крокі свае.
 

Пакарай мяне, Госпадзе, але па законе ды не ў гневе Тваім, каб часам не абярнуў Ты мяне ў нішто.
 

Вылі гнеў Свой на народы, якія не прызнаюць Цябе, і на плямёны, якія не прызываюць імя Твайго, бо праглынулі яны Якуба і з’елі яго, і спустошылі выганы яго».