Дзеі 17 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, прыбылі яны ў Тэсалоніку, дзе юдэі мелі сінагогу.
 

Па звычаі сваім Паўла ўвайшоў да іх і на працягу трох субот разбіраў з імі Пісанне,
 

даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых ды што: «Ісус, Якога я вам абвяшчаю, і ёсць гэты Хрыстос».
 

І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўлы і Сілы, таксама і вялікая колькасць веруючых грэкаў, і нямала высакародных жанчын.
 

Тады зайздросныя юдэі, узяўшы з рынку нейкіх нягодных людзей і ўчыніўшы натоўп, збунтавалі горад і, знайшоўшы дом Язона, шукалі іх, каб вывесці да народа.
 

І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў да палітархаў, крычучы: «Тыя, якія бунтуюць увесь свет, прыйшлі таксама сюды,
 

і Язон іх прыняў. А яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы Валадар — Ісус».
 

Такім чынам узбурылі яны натоўпы і палітархаў, якія гэта слухалі;
 

і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.
 

Зараз жа ўначы браты выправілі Паўлу і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў юдэйскую сінагогу.
 

Гэтыя былі разумнейшыя за тых, што ў Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасцю ды штодзень разбіралі Пісанне, ці так гэта ёсць.
 

І многа з іх уверыла, а таксама нямала высакародных жанчын грэцкіх ды мужчын.
 

Калі юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Паўла прапаведуе слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы і хвалюючы многіх.
 

Тады браты безадкладна выправілі Паўлу, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
 

Тыя, што праводзілі Паўлу, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.
 

Чакаючы іх у Атэнах, Паўла абураўся ў духу сваім, бачачы горад, аддадзены балванахвальству.
 

Таксама дыспутаваў у сінагозе з юдэямі і з богабаязнымі ды штодзень на плошчы з тымі, з якімі сустракаўся.
 

Некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: «Што хоча сказаць гэты балбатун?» Іншыя ж: «Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў», бо дабравесціў ім Ісуса і ўваскрэсенне.
 

І, узяўшы яго, завялі ў Арэапаг, і запыталі: «Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэнне ты выкладаеш?
 

Бо нейкія дзівосныя рэчы ўкладаеш ты ў нашы вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць».
 

Усе ж атэнцы і іншаземцы-прыхадні нічым іншым не бавілі час, як толькі гавораць або слухаюць нешта новае.
 

Дык Паўла, стаўшы сярод Арэапагу, гаворыць: «Мужы атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.
 

Бо, праходзячы ды аглядаючы вашы святыні, напаткаў і ахвярнік, на якім было напісана: “Невядомаму Богу”. Дык Таго, Каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
 

Бог, Які стварыў свет ды ўсё, што ў ім, Ён — Госпад неба і зямлі, не пражывае ў святынях рукатворных
 

ды не патрабуе паслугі рук чалавечых, як быццам Яму чаго нестае, бо Ён Сам дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё.
 

Ён з адной крыві ўчыніў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім абліччы зямлі, вызначаючы пэўны час і межы іх пражывання,
 

каб шукалі Бога, ці не дакрануцца да Яго часам, ці не знойдуць, хоць Ён недалёка ад кожнага з нас.
 

Бо мы ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: “Мы ж ёсць і род Яго”.
 

Дык, калі мы — род Божы, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або срэбра, або каменя, твора мастацтва або розуму чалавечага.
 

І вось, зважаючы на часы няведання, Бог цяпер заклікае людзей, каб усе паўсюдна навярталіся,
 

таму што вызначыў дзень, у які будзе судзіць свет справядліва і праз Чалавека, Якога на гэта прызначыў, даўшы ўсім пэўнасць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».
 

Пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а іншыя казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».
 

І гэтак Паўла выйшаў з іх асяродка.
 

Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыянізій Арэапагіт ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.