Дзеі 16 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын веруючай жанчыны юдэйкі і бацькі грэка;
 

браты з Лістры і Іконіі добра пра яго сведчылі.
 

Яго Паўла захацеў узяць у дарогу з сабой і, прымаючы, абрэзаў яго дзеля юдэяў, якія былі ў тых мясцовасцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў грэкам.
 

Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя Апосталамі і старэйшымі ў Ерузаліме пастановы.
 

І цэрквы ўмацоўваліся вераю, і штодзень раслі лікам.
 

Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галатыйскую, бо Дух Святы забараніў ім прамаўляць слова ў Азіі.
 

Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, спрабавалі ісці ў Бітынію, і Дух не дазволіў ім.
 

Перайшоўшы Мізію, яны накіраваліся ў Трааду.
 

І тут уночы Паўлу адкрылася ў з’яве: нейкі мацэдонец стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Мацэдонію, дапамажы нам!»
 

Як пабачыў ён з’яву, мы, не марудзячы, вырашылі выправіцца ў Мацэдонію, перакананыя, што Госпад паклікаў нас дабравесціць ім.
 

Выплыўшы з Траады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень — у Неапаль;
 

а адтуль — у Піліпы, галоўны горад той часткі Мацэдоніі, [рымскую] калонію. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.
 

А ў суботу выйшлі мы за горад да ракі, дзе звычайна моляцца, і, сеўшы, гутарылі з жанчынамі, што сабраліся.
 

І слухала адна богабаязная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца, каб успрымаць тое, што казаў Паўла.
 

І, калі была ахрышчана разам з домам сваім, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце мяне вернай Госпаду, увайдзіце ў дом мой і застаньцеся», і змусіла нас.
 

І сталася, што, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа варажбы, і прыносіла яна многа даходу сваім гаспадарам, праракуючы.
 

Яна, бегучы за Паўлам і за намі, крычала: «Гэтыя людзі — паслугачы Бога Узвышняга, яны прапаведуюць нам дарогу збаўлення».
 

І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла ж, у роспачы, павярнуўся і сказаў: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста, выйдзі з яе!», і ў тую ж гадзіну ён выйшаў.
 

Калі яе гаспадары ўбачылі, што надзея іх даходу знікла, дык, схапіўшы Паўлу і Сілу, завалаклі на рынак да начальнікаў
 

і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: «Гэтыя людзі, хоць і юдэі, уводзяць у замяшанне наш народ
 

і абвяшчаюць звычаі, якія нам не след прымаць ды выконваць, бо мы — рымляне».
 

І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў хвастаць іх кіямі, сцягнуўшы тунікі.
 

І, нанёсшы ім шматлікія раны, укінулі іх у вязніцу, загадваючы варце пільна іх вартаваць.
 

Атрымаўшы такі загад, вартавы кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і ногі іх замкнуў у калоду.
 

Апоўначы Паўла і Сіла, молячыся, услаўлялі Бога, і іншыя вязні слухалі іх.
 

Раптам сталася вялікае трасенне, аж захісталіся падмуркі астрога, і адчыніліся ўсе дзверы, ды з усіх апалі путы.
 

Калі вартавы абудзіўся і ўбачыў дзверы астрога адчыненыя, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязні паўцякалі.
 

Тады Паўла закрычаў на ўвесь голас, кажучы: «Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут».
 

Тады ён, запатрабаваўшы святла, ускочыў унутр ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўлы і Сілы.
 

І, вывеўшы іх вонкі, гаворыць: «Гаспадарове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?»
 

І яны сказалі: «Увер у Госпада Ісуса Хрыста, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».
 

І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.
 

І, узяўшы іх у тую ж гадзіну ўначы, абмыў раны іх, і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.
 

І, калі ўвёў іх у дом свой, запрасіў да стала ды з усім домам сваім вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
 

І, калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктараў сказаць: «Адпусціце гэтых людзей».
 

Вартавы астрога перадаў Паўлу гэтыя словы: «Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакоі».
 

Але Паўла сказаў ім: «Збіўшы нас прылюдна без суда, хоць мы — рымскія грамадзяне, яны кінулі нас у астрог, а цяпер цішком выпускаюць? О не! Хай прыйдуць і самі выведуць нас».
 

Ліктары перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта рымляне,
 

і, прыйшоўшы, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.
 

Яны ж, выйшаўшы з вязніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, суцешылі іх і выправіліся ў дарогу.