Асіі 9 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Міцкевіча (Прускага)

 
 

Не цешся, Ізраэлю, не гамані радасна, як народы, бо ты распуснасцю адвярнуўся ад Бога твайго, узлюбіў плату за ўсе такі пшанічныя.
 

Ток і тачыла не пракормяць іх, а віно падвядзе іх.
 

Не выжывуць на зямлі Госпадавай, але вернецца Эфраім у Егіпет і ў Асірыі паганае будуць есці.
 

Не будуць з віна складаць ахвяры Госпаду, і не будуць падабацца Яму іх ахвяры; быццам хлеб жалобы, стануць яны для іх; усе, хто з’ядуць яго, стануцца нячыстымі, бо хлеб іх будзе толькі для жыцця іх; не ўвойдзе ён у дом Госпадаў.
 

Што зробіце ў дзень урачысты, у дзень святы Госпадаў?
 

Вось жа, выйшлі яны дзеля спусташэння; Егіпет іх збярэ, Мемфіс іх пахавае: іх каштоўнае срэбра крапіва возьме ў спадчыну, а церні — іх палаткі.
 

Прыйшлі дні пакарання, прыйшлі дні адплаты: хай ведае Ізраэль! «Дурны, — кажа ён, — прарок; шалёны — чалавек духоўны». Дзеля вялікай злачыннасці тваёй і вялікія варожасці твае.
 

Цікуе Эфраім, народ Бога майго, — на прарока; на ўсіх яго дарогах — лавецкае сіло, варожасць — у самім доме Бога яго.
 

Цяжка зграшылі яны, як у дні Габы; Ён жа ўспомніць іх ліхоту ды караць будзе за іх грахі.
 

«Як вінаград у пустыні, знайшоў Я Ізраэля: як на першы фрукт фігавага дрэва на пачатку яго, глядзеў Я на бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэгора і пасвяціліся бессаромнасці, і сталіся агідныя, як тое, што палюбілі.
 

Ад Эфраіма, як птушка, адляціць слова яго: не будзе родаў, цяжарнасці, ані пачацця.
 

А калі б нават выхавалі дзяцей сваіх, пакіну іх без дзяцей, без людзей: але гора ім самім, калі адыду ад іх!
 

Эфраім, як бачу, выставіў дзяцей сваіх на паляванне, і Эфраім вядзе дзяцей сваіх да забойцы.
 

“Дай ім, Госпадзе! Што дасі ім? Дай ім улонне без дзяцей і высахлыя грудзі!”
 

Усе злачыннасці іх у Галгале, бо менавіта там Я іх зненавідзеў. Дзеля ліхоты ўчынкаў іх выкіну іх з дому Свайго. Не буду іх болей любіць. Усе іх князі — бунтаўнікі,
 

пацярпеў паразу Эфраім, высах яго корань, пладоў больш не будзе; а калі нават і народзіць, знішчу дарагі плод у яго ўлонні”.
 

Выганіць яго Бог мой, бо не слухалі Яго; бадзяцца будуць між народамі.