Асіі 9 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Не цешся, Ізраэлю, не гамані радасна, як народы, бо ты распуснасцю адвярнуўся ад Бога твайго, узлюбіў плату за ўсе такі пшанічныя.
 
Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату [распусьніцы] на кожным току збожжа.

Ток і тачыла не пракормяць іх, а віно падвядзе іх.
 
Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх.

Не выжывуць на зямлі Госпадавай, але вернецца Эфраім у Егіпет і ў Асірыі паганае будуць есці.
 
Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае.

Не будуць з віна складаць ахвяры Госпаду, і не будуць падабацца Яму іх ахвяры; быццам хлеб жалобы, стануць яны для іх; усе, хто з’ядуць яго, стануцца нячыстымі, бо хлеб іх будзе толькі для жыцця іх; не ўвойдзе ён у дом Госпадаў.
 
Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. [Гэта] будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА.

Што зробіце ў дзень урачысты, у дзень святы Госпадаў?
 
Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА?

Вось жа, выйшлі яны дзеля спусташэння; Егіпет іх збярэ, Мемфіс іх пахавае: іх каштоўнае срэбра крапіва возьме ў спадчыну, а церні — іх палаткі.
 
Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх.

Прыйшлі дні пакарання, прыйшлі дні адплаты: хай ведае Ізраэль! «Дурны, — кажа ён, — прарок; шалёны — чалавек духоўны». Дзеля вялікай злачыннасці тваёй і вялікія варожасці твае.
 
Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці [да Бога].

Цікуе Эфраім, народ Бога майго, — на прарока; на ўсіх яго дарогах — лавецкае сіло, варожасць — у самім доме Бога яго.
 
Прарок, [які быў] вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, [стаўся] пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага.

Цяжка зграшылі яны, як у дні Габы; Ён жа ўспомніць іх ліхоту ды караць будзе за іх грахі.
 
Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. [Бог] будзе памятаць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія.

«Як вінаград у пустыні, знайшоў Я Ізраэля: як на першы фрукт фігавага дрэва на пачатку яго, глядзеў Я на бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэгора і пасвяціліся бессаромнасці, і сталіся агідныя, як тое, што палюбілі.
 
Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку [ўраджаю] яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі.

Ад Эфраіма, як птушка, адляціць слова яго: не будзе родаў, цяжарнасці, ані пачацця.
 
Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; [ня будзе] ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця.

А калі б нават выхавалі дзяцей сваіх, пакіну іх без дзяцей, без людзей: але гора ім самім, калі адыду ад іх!
 
Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх!

Эфраім, як бачу, выставіў дзяцей сваіх на паляванне, і Эфраім вядзе дзяцей сваіх да забойцы.
 
Эфраім, як Я бачыў, [падобны] да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх.

“Дай ім, Госпадзе! Што дасі ім? Дай ім улонне без дзяцей і высахлыя грудзі!”
 
«Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!»

Усе злачыннасці іх у Галгале, бо менавіта там Я іх зненавідзеў. Дзеля ліхоты ўчынкаў іх выкіну іх з дому Свайго. Не буду іх болей любіць. Усе іх князі — бунтаўнікі,
 
Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі.

пацярпеў паразу Эфраім, высах яго корань, пладоў больш не будзе; а калі нават і народзіць, знішчу дарагі плод у яго ўлонні”.
 
Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга.

Выганіць яго Бог мой, бо не слухалі Яго; бадзяцца будуць між народамі.
 
Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі.