1 Не весяліся, Ізраіль, ня радуйся, як іншыя народы, бо ты распусьнічаеш супраць Бога твайго, ты палюбіў плату [распусьніцы] на кожным току збожжа.
2 Ток і тоўчня ня будуць жывіць іх, і віно ашукае іх.
3 Ня будуць яны жыць у зямлі ГОСПАДА, і вернецца Эфраім у Эгіпет, і ў Асірыі яны будуць есьці нячыстае.
4 Ня будуць яны выліваць віно для ГОСПАДА, і ня будуць Яму прыемныя ахвяры іхнія. [Гэта] будзе для іх як хлеб жалобы; усе, хто будуць есьці яго, будуць нячыстыя. Бо хлеб іхні за душы іхнія ня ўвойдзе ў Дом ГОСПАДА.
5 Што будзеце рабіць у дзень сходу і ў дзень сьвята ГОСПАДА?
6 Бо вось, прыйдуць яны з прычыны зьнішчэньня. Эгіпет зьбярэ іх, Мэмфіс іх пахавае, каштоўнае срэбра іхняе атрымае ў спадчыну крапіва, церні будуць у намётах іхніх.
7 Прыйдуць дні наведваньня, прыйдуць дні адплаты. Ізраіль даведаецца, што прарок здурнеў, і ашалеў чалавек духа з прычыны мноства беззаконьня твайго і вялікай варожасьці [да Бога].
8 Прарок, [які быў] вартаўніком Эфраіма пры Богу маім, [стаўся] пасткай птушкалова на ўсіх шляхах ягоных; варожасьць у доме бога ягонага.
9 Сапсуліся да глыбіні, як у дні Гівы. [Бог] будзе памятаць пра беззаконьне іхняе, пакарае за грахі іхнія.
10 Я знайшоў Ізраіля як вінаград у пустыні, як першую фігу на дрэве фігавым на пачатку [ўраджаю] яго Я ўбачыў бацькоў вашых. Але яны прыйшлі да Баал-Пэора і прысьвяцілі сябе сораму, і былі агіднымі ў тым, што яны любілі.
11 Слава Эфраіма, як птушка, адляцела; [ня будзе] ані нараджэньня, ані ўлоньня, ані зачацьця.
12 Бо нават калі выгадуюць сыноў сваіх, Я забяру ў іх чалавека. Гора ім, бо Я адступлюся ад іх!
13 Эфраім, як Я бачыў, [падобны] да Тыру, пасаджаны на месцы прыемным, але Эфраім вядзе на забіцьцё сыноў сваіх.
14 «Дай ім, ГОСПАДЗЕ, што хочаш даць! Дай ім улоньне бясплоднае і грудзі ссохлыя!»
15 Уся нягоднасьць іхняя ў Гільгале, бо там Я зьненавідзеў іх. З прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх выганю іх з Дому Майго, ня буду больш любіць іх. Усе князі іхнія — бунтаўнікі.
16 Павалены Эфраім, корань іхні ссох, ён ня дасьць плоду. А нават калі народзяць, Я заб’ю ўлюбёных улоньня іхняга.
17 Адкіне іх Бог мой, бо яны ня слухалі Яго, і будуць яны ўцекачамі паміж народамі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга прарока Осіі, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023