Пераклад Аляксандара Надсана 10

Псалтыр i Ёна. Пераклад Аляксандара Надсана
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Гэта яна ўсцерагла бацьку свету — таго, хто быў першым створаны, калі, адзіны, ён быў створаны, і вывела яго з яго злачынства,
 

і дала яму моц валадарання над усім.
 

Калі ад яе адышоў несправядлівы ў гневе сваім, загубіў сам сябе ў братазабойчым абурэнні;
 

патопленую з-за яго віны зямлю Мудрасць ізноў зберагла, праз марнае дрэва кіруючы справядлівым.
 

І калі народы перамяшаліся ў ліхой змове, яна прызнала справядлівага, і захавала яго беззаганным перад Богам, і зберагла мужным дзеля цела для сына.
 

Яна, калі прыйшла гібель на бязбожных, збавіла справядлівага, калі ўцякаў ён перад агнём, што сышоў на Пентапаліс;
 

захаваўся дасюль доказ іх разбэшчанасці — пустэчы, што дыміліся, і дрэвы, што не ў свой час пладаносяць, і саляны стоўп, што тырчыць, помнік нявернай душы.
 

Калі бо сышлі з дарогі Мудрасці, не толькі сабе пашкодзілі тым, што не пазналі дабра, але яшчэ пакінулі памятку сваёй неразумнасці жывым, каб не маглі схаваць таго, у чым зграшылі.
 

А Мудрасць вызваліла тых, хто яе шануе, ад бед.
 

Яна справядлівага, што ўцёк перад гневам брата, павяла па простых дарогах, і паказала Валадарства Божае, і дала яму пазнанне святых; узвысіла яго ў трудах і памножыла плады яго трудоў.
 

У хцівасці тых, хто акружае яго, дапамагла яму і зрабіла яго паважаным.
 

Ухавала яго ад ворагаў і ўсцерагла яго ад тых, хто рыхтаваў яму засады; і ў цяжкім змаганні дала яму перамогу, каб ведаў, што пабожнасць за ўсё мацнейшая.
 

Не пакінула яна справядлівага, калі яго прадалі, але вызваліла яго ад граху;
 

і сышла з ім разам у яму, і не пакінула яго ў путах, аж пакуль не прынесла яму жазло валадарскае і ўладу над сваімі прыгнятальнікамі, і паказала паклёпнікаў, якія абняславілі яго, і яму дала славу вечную.
 

Яна вызваліла народ святы і семя беззаганнае спаміж народаў, якія прыгняталі яго.
 

Увайшла ў душу слугі Госпадавага і ў знаках і цудах запрацівілася грозным валадарам.
 

Вярнула святым плату за іх труды, і павяла іх цудоўным шляхам, і была ім днём заслонай і святлом зорак сярод ночы.
 

Пераправіла іх цераз Чырвонае мора і перавяла іх праз вялікія воды,
 

а ворагаў іх патапіла; і вывела іх з глыбінь бяздоння.
 

Дык узялі справядлівыя здабычу з бязбожных, і ўславілі ў песнях святое імя Тваё, Госпадзе, ды ўславілі сумесна пераможную Тваю руку,
 

Мудрасць бо адчыніла вусны нямых і гучнымі зрабіла языкі немаўлят.