Пераклад Аляксандара Надсана 9
Псалтыр i Ёна. Пераклад Аляксандара Надсана
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
«Божа бацькоў маіх і Госпадзе міласэрнасці, Ты, што ўчыніў усё словам Сваім
і ў мудрасці Сваёй стварыў чалавека, каб ён валадарыў над стварэннямі, Табою створанымі,
каб валодаў светам у святасці і справядлівасці і каб у законнасці сэрца спраўляў суд, —
дай мне Мудрасць, памочніцу пасадаў Тваіх, і не выключай мяне з ліку Тваіх дзяцей!
Бо я слуга Твой і сын служанкі Тваёй, чалавек кволы і недаўгавечны, і залішне слабы, каб зразумець суд і законы.
А калі наастатак хтосьці будзе дасканалы між людзьмі і калі яму не хопіць мудрасці ад Цябе, будзе за нішто лічыцца.
Выбраў Ты мяне царом народа Свайго і суддзёю сыноў Сваіх і дачок;
сказаў мне пабудаваць святыню на гары Сваёй святой і ахвярнік у горадзе Свайго пражывання — вобраз палаткі святой, якую падрыхтаваў Ты ад пачатку.
І з Табою Мудрасць, якая ведае Твае справы і якая была з Табою, калі Ты свет ствараў, і ведала, што мілае вачам Тваім і што правільнае адносна Тваіх прыказанняў.
Пашлі Яе з неба Твайго святога, і пашлі яе ад пасада Тваёй велічы, каб пры мне была і са мной супрацоўнічала, ды каб я пазнаў, што Табе падабаецца.
Яна бо ведае і разумее ўсё, і будзе мною кіраваць мудра ў маёй дзейнасці, і зберажэ мяне ў сваёй славе.
І будуць мілымі ўчынкі мае, і буду судзіць народ Твой справядліва, і буду варты пасада бацькі майго.
Хто бо з людзей зможа даведацца пра намер Бога, або хто зможа спазнаць волю Госпадаву?
Нясмелыя бо думкі смяротных, і прадбачанні нашыя няпэўныя,
бо смяротнае цела прыціскае душу, і зямное жытло падаўляе руплівы розум.
І з намаганнем адкрываем рэчывы гэтае зямлі, і з цяжкасцю разумеем тое, што пад рукамі; а хто даследуе тое, што на небе?
А хто зведаў Твой намер, калі не даў Ты яму Мудрасці і не паслаў з гары Святога Духа Твайго?
І так сталі простымі сцежкі жыхароў зямлі; і людзі пазналі, што Табе прыемнае, і збавіла іх Мудрасць».