Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 9 Кніга Мудрасці 9 разьдзел

1 «Божа бацькоў маіх і Госпадзе міласэрнасці, Ты, што ўчыніў усё словам Сваім
2 і ў мудрасці Сваёй стварыў чалавека, каб ён валадарыў над стварэннямі, Табою створанымі,
3 каб валодаў светам у святасці і справядлівасці і каб у законнасці сэрца спраўляў суд, —
4 дай мне Мудрасць, памочніцу пасадаў Тваіх, і не выключай мяне з ліку Тваіх дзяцей!
5 Бо я слуга Твой і сын служанкі Тваёй, чалавек кволы і недаўгавечны, і залішне слабы, каб зразумець суд і законы.
6 А калі наастатак хтосьці будзе дасканалы між людзьмі і калі яму не хопіць мудрасці ад Цябе, будзе за нішто лічыцца.
7 Выбраў Ты мяне царом народа Свайго і суддзёю сыноў Сваіх і дачок;
8 сказаў мне пабудаваць святыню на гары Сваёй святой і ахвярнік у горадзе Свайго пражывання — вобраз палаткі святой, якую падрыхтаваў Ты ад пачатку.
9 І з Табою Мудрасць, якая ведае Твае справы і якая была з Табою, калі Ты свет ствараў, і ведала, што мілае вачам Тваім і што правільнае адносна Тваіх прыказанняў.
10 Пашлі Яе з неба Твайго святога, і пашлі яе ад пасада Тваёй велічы, каб пры мне была і са мной супрацоўнічала, ды каб я пазнаў, што Табе падабаецца.
11 Яна бо ведае і разумее ўсё, і будзе мною кіраваць мудра ў маёй дзейнасці, і зберажэ мяне ў сваёй славе.
12 І будуць мілымі ўчынкі мае, і буду судзіць народ Твой справядліва, і буду варты пасада бацькі майго.
13 Хто бо з людзей зможа даведацца пра намер Бога, або хто зможа спазнаць волю Госпадаву?
14 Нясмелыя бо думкі смяротных, і прадбачанні нашыя няпэўныя,
15 бо смяротнае цела прыціскае душу, і зямное жытло падаўляе руплівы розум.
16 І з намаганнем адкрываем рэчывы гэтае зямлі, і з цяжкасцю разумеем тое, што пад рукамі; а хто даследуе тое, што на небе?
17 А хто зведаў Твой намер, калі не даў Ты яму Мудрасці і не паслаў з гары Святога Духа Твайго?
18 І так сталі простымі сцежкі жыхароў зямлі; і людзі пазналі, што Табе прыемнае, і збавіла іх Мудрасць».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017