Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 16 Кніга Мудрасці 16 разьдзел

1 Таму заслужана былі пакараны падобнымі да іх стварэннямі і мноствам звяроў былі замучаны.
2 Замест гэтай кары народу Свайму дабро ўчыніў, дзеля прагнасці пацехі Сваёй, незвычайную страву прыгатаваў Ты ім на ежу — перапёлак,
3 каб тыя, хоць хацелі есці, дзеля агіднасці тых жывёл, што былі ім пасланы, страцілі нават натуральнае жаданне ежы; а тыя, хутка стаўшы беднымі, каб мелі ежу незвычайную.
4 Бо трэба было, каб і на тых тыранаў прыйшла загуба, а тым жа — толькі паказаць, як ворагі іх знішчаліся.
5 Бо калі прыйшла на іх страшэнная шалёнасць гадаў, прападалі яны ад укусаў крутлівых гадзін; аднак гнеў Твой трываў не вечна,
6 але для павучэння хутка былі ўстрывожаны, маючы знак збаўлення для прыпамінання загаду Твайго закону.
7 Бо хто навяртаўся, аздараўляўся не праз тое, што бачыў, але праз Цябе, Збаўцу ўсіх.
8 Гэтым жа паказаў Ты ворагам нашым, што Ты — Той, Хто вызваляе ад усякага ліха.
9 Бо пазабівалі іх укусы саранчы і мух і не знайшлося лекаў для душы іх, бо былі вартыя такім чынам быць знішчанымі;
10 сыноў жа Тваіх не перамаглі зубы атрутных змей; бо міласэрнасць Твая апярэджвала і аздараўляла іх.
11 У памяць бо слоў Тваіх былі пакусаныя і мігам аздараўляліся, каб не папасці ў глыбокае забыццё, не быць пазбаўленымі Тваёй дабраты.
12 Бо так не аздараўляла іх ані трава, ані прыпаркі, але Слова Тваё, Госпадзе, якое ўсё аздараўляе.
13 Ты бо маеш уладу над жыццём і смерцю, Ты ўводзіш у брамы цемры і Ты выводзіш.
14 А чалавек забівае вось у злачыннасці сваёй, і не можа вярнуць дух, што выйшаў, ані забранай душы не можа вызваліць.
15 Але немагчыма выкруціцца з Тваёй рукі:
16 бо бязбожныя, якія ведаць Цябе не хацелі, моцаю рукі Тваёй былі пакараны, замучаны незвычайнымі дажджамі, і градамі, і страшнымі ветраломамі ды знішчаны агнём.
17 Бо што было вельмі дзіўнае: у вадзе, якая ўсё тушыць, агонь меў яшчэ больш моцы; бо мсціўца — гэта святло справядлівых.
18 Па нейкім бо часе агонь прытухаў, каб не згарэлі звяры, насланыя на бязбожных, але каб яны, гэта бачачы, пераканаліся, што судом Божым пераследуюцца яны.
19 А часам нават у вадзе гарэў звыш моцы агонь, каб вынішчыць плады на спаганенай зямлі.
20 Замест гэтага народ Свой карміў Ты ежай анёлаў і даў ім хлеб з неба, які меў у сабе ўсю асалоду і задавальняў усякі густ.
21 Бо маёмасць Твая даказвала спагадлівасць Тваю да дзяцей і, заспакойваючы волю прымаючага, ператваралася ў тое, чаго хто хацеў.
22 Снег і лёд вытрымлівалі агонь і не раставалі, каб зразумелі, што плады ворагаў нішчыў агонь, што гарэў пры градзе і пры ліўнях з маланкамі;
23 той жа вось агонь, каб наеліся справядлівыя, таксама губляў сваю сілу.
24 Бо стварэнне Табе, Творцы, падначалена; накіроўваецца на пакаранне несправядлівых і больш ласкавым становіцца для дабрадзейнасці тых, хто веруе ў Цябе.
25 Дзеля таго і тады, ва ўсё змяняючыся, служыла з ласкі Тваёй як карміцелька ўсіх, па волі тых, хто патрабаваў ад Цябе,
26 каб зразумелі дзеці Твае, якіх Ты, Госпадзе, умілаваў, што не плён пладоў корміць чалавека, але слова Тваё беражэ веруючых у Цябе.
27 Бо тое, чаго агонь не мог знішчыць, раставала хутка, сагрэтае кволым промнем сонечным,
28 каб ведалі, што трэба апярэджваць сонца, дабраслаўляючы Цябе, і шанаваць Цябе на світанні.
29 Надзея бо няўдзячнага — як лёд зімовы: растае ды расплываецца як вада бескарысная.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 16 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017