Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 11 Кніга Мудрасці 11 разьдзел

1 Яна пакіравала справамі іх рукамі святога прарока.
2 Яны прайшлі бязлюдную пустыню і паставілі палаткі на недаступных месцах;
3 сталі супраць ворагаў і адагналі ад сябе непрыяцеляў.
4 Смагнулі і клікалі Цябе; і атрымалі ваду з самай высокай скалы і заспакаенне ў смазе — з цвёрдага каменя.
5 Праз гэта пакараныя былі ворагі іх, праз гэта, калі яны знаходзіліся ў бядзе, атрымалі адплату.
6 Замест бо вады з ракі невысыхаючай, бруднай крывёй засмучанай,
7 наадварот загаду дзетазабойчаму, даў Ты ім нечакана шчодрую ваду,
8 паказваючы праз смагу, што тады была, як пакараў праціўнікаў.
9 Як бо прыйшло на іх выпрабаванне — хоць атрымалі яны настаўленне з міласэрнасцю, — зразумелі, колькі пакут пацярпелі бязбожныя, асуджаныя з гневам.
10 Бо Ты адных выпрабаваў, перасцерагаючы, як бацька, а другіх пакараў, асуджаючы, як цар грозны.
11 Адсутныя і прысутныя аднолькава цярпелі;
12 падвоены бо ахапіў іх смутак і нараканне, калі ўспомнілі мінулыя часы;
13 калі бо ўбачылі праз свае пакуты, што з імі добра абыходзяцца, — пазналі Госпада.
14 Каго бо калісьці выставілі на пасмешышча перад усімі, абняслаўленага, таму здзівіліся ў канцы падзей, прагнучы не так, як справядлівыя.
15 А за неразумныя выдумкі іх злачыннасці, якімі ашуканыя, яны пакланяліся многім гадам і марнай жывёле, наслаў Ты на іх у помсту многа неразумных звяроў,
16 каб ведалі, што хто чым грашыць, у тым будзе пакараны.
17 Бо не было немагчыма для рукі Тваёй Усемагутнай — якая свет стварыла з бясформеннай матэрыі — наслаць на іх многіх мядзведзяў, або львоў непалахлівых,
18 або новыя стварэнні, поўныя гневу, — невядомых драпежных звяроў: ці то дыхаючых агнявым полымем, ці выкідаючых клубы дыму, ці кідаючых з вачэй страшныя іскры,
19 якія не толькі раненнем маглі б іх вынішчыць, але і жудасным выглядам іх выгубіць.
20 Але і без таго маглі яны папрападаць ад аднаго дыху, справядлівасцю пераследаваныя ды змеценыя духам магутнасці Тваёй. Але Ты ўсё ўладзіў пад меру, і лік, і вагу!
21 Бо магутна дзейнічаць — заўсёды ў Тваёй моцы, ды хто супрацівіцца магутнасці рукі Тваёй?
22 Бо ўвесь свет перад Табой, як зерне на вазе і як кропля ранняе расы, якая спала на зямлю.
23 Але Ты шкадуеш усё, бо ўсё можаш; і прабачаеш грахі людзям дзеля раскаяння.
24 Мілуеш бо ўсё, што ёсць, і нічога не ненавідзіш з таго, што стварыў; бо калі б Ты меў штосьці ў нянавісці, то не стварыў бы.
25 Як жа магло б што існаваць, калі б Ты не хацеў? Або як бы яно трывала, чаго б Ты не пазваў?
26 Але ашчаджаеш усё, бо гэта Тваё, Госпадзе, Які любіш жыццё!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 11 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017