Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 14 Кніга Мудрасці 14 разьдзел

1 Зноў жа іншы, што хоча плысці і пачаць дарогу праз грозныя хвалі, перамяшчаючыся з дапамогай дрэва, прызывае на помач яшчэ больш крохкае дрэва.
2 Яго бо выдумала прагнасць да набыткаў і майстар мудра вырабіў.
3 А кіруе ім наканаванне Тваё, Ойча, бо і на моры паказваеш дарогу, і сярод хваль — самы бяспечны шлях,
4 паказваючы, што Ты можаш ад усяго збавіць, каб і неспрактыкаваны мог выйсці ў мора.
5 А Ты хочаш, каб справы Тваёй мудрасці не былі бескарыснымі, таму нават і марнаму дрэву людзі даручаюць сваё жыццё ды, праплыўшы бурлівыя хвалі, ратуюцца.
6 Але і ад пачатку, калі прападалі гордыя веліканы, надзея свету апынулася ў арцы, і яна, накіраваная Тваёй рукою, пакінула свету семя патомства.
7 Дабраславёна бо дрэва, праз якое здзяйсняецца справядлівасць;
8 але тое, што рукой апрацавана, праклята і яно, і яго творца; ён — за тое, што зрабіў, яно — за тое, што, хоць марнае, атрымала назву бога.
9 Аднолькава Богу ненавісны і бязбожны, і яго бязбожнасць:
10 твор бо разам з творцам будуць пакараны.
11 Дзеля таго і на ідалаў паганскіх прыйдзе суд, бо яны сталіся агіднасцю пасярод твораў Божых, і згаршэннем душам чалавечым, і пасткай для ног неразумных людзей.
12 Выдумка ідалаў — гэта крыніца вераломства, пачатак распусты, і іх вынаходка — сапсаванасць жыцця;
13 і не было іх ад пачатку, і не будуць існаваць вечна.
14 З’явіліся яны на свеце дзеля неразумнасці людской, і таму канец іх блізка.
15 Бацька, засмучаны горкім смуткам дзеля рана страчанага сына, зрабіў сабе выяву яго, які тады ўжо быў мёртвым чалавекам, пачаў шанаваць як бога, і падначаленым устанавіў цэласпаленні і абрады;
16 з цягам часу ўмацоўваючы бязбожны звычай, пачалі берагчы яго як закон.
17 І па загадзе ўладароў шанаваліся іх статуі; паколькі людзі не маглі шанаваць іх дзеля таго, што былі яны далёка, — здалёк уяўляліся постаці іх, — стварылі яны бачную выяву цара, якога хацелі шанаваць.
18 Нават тых, што не ведалі чалавека, да павелічэння шанавання яго прываблівала выдатнае майстэрства творцы;
19 той бо, хочучы, мабыць, спадабацца таму, хто яго наняў, мастацтвам сваім апрацаваў яго, каб дасягнуць найбольшага падабенства.
20 А натоўп, захоплены прыгожай работай, прызнаў за бога таго, хто нядаўна шанаваўся як чалавек.
21 І гэта стала спакусай для жыцця чалавечага, бо людзі, трапляючы або ў няшчасце, або пад уладу, далі Непераказальнае Імя камяням або дрэвам.
22 Затым не стала хапаць, што блукалі яны адносна пазнання Бога, але і, жывучы ў вялікай вайне няведання, такое вялікае зло называюць супакоем.
23 Таму што або калі ахвяруюць дзяцей сваіх, або калі спраўляюць таемныя абрады, або калі чыняць начныя служэнні багам, поўныя вар’яцтва чужаземных абрадаў,
24 не пільнуюць ані жыцця, ані чыстага шлюбу, але падступна адзін другога забівае або чужаложствам засмучае.
25 І ўсё змяшалася: кроў і забойства, пакража і подступ, знішчэнне і здрадлівасць, нахабства і крывапрысяганне,
26 прыгнёт добрых, забыццё дабрадзейства, апаганенне душ, змяненне роду, распуста ў шлюбах, чужаложства і бессаромнасць.
27 Бо шанаванне ідалаў жахлівых — гэта пачатак, і прычына, і канец усякае ліхоты.
28 Таму што або дурнеюць у гульнях, або праракуюць ілжыва, або разбэшчана жывуць, або крывадушна прысягаюць скора.
29 Бо пакуль вераць бяздушным ідалам, не вераць, што, крывадушна прысягаючы, шкодзяць сабе.
30 Але сыдзе на іх кара справядлівая за адно і другое: што блага думалі пра Бога, звяртаючыся да ідалаў, і што, пагарджаючы святасцю, прысягнулі крывадушна ў хітрасці.
31 Бо не моц ідалаў, прызваных у прысязе, але належная кара грэшнікам прыходзіць заўсёды па злачынстве несправядлівых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017