Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 2 Кніга Мудрасці 2 разьдзел

1 Бо няправільна разважаючы, сказалі сабе: «Наша жыццё кароткае і сумнае! І няма ратунку чалавеку ад смерці, і не ведаем анікога, хто б вярнуўся з апраметнай.
2 Нарадзіліся мы выпадкова і потым будзем, як быццам нас ніколі не было. Дыханне бо ў ноздрах нашых — як дым, і слова — як іскра з удару сэрца нашага;
3 калі яна патухне, цела наша зменіцца ў парахно і дух счэзне, як лёгкае паветра.
4 І імя наша пойдзе з часам у небыццё, і ніхто не будзе памятаць твораў нашых; і праміне жыццё наша, як след воблака, і развеецца, як туман, што разагнаны промнямі сонца ды цяплом яго разагрэты.
5 Час наш прамінае, быццам цень, і смерць наша не мае павароту: бо наклалася пячаць і ніхто не вяртаецца.
6 Дык ідзіце, і будзем карыстацца з таго, што добрае, і, як у маладосці, пільна пакарыстаемся жыццём.
7 Насыцімся віном каштоўным і духмянасцямі, і хай не пройдзе міма нас кветка вясновае пары;
8 пазвіваем сабе вянок з ружаў, пакуль яшчэ не павялі,
9 хай не будзе выключэннем аніводзін луг у нашай раскошы: усюды пакінем сляды весялосці; бо гэта доля наша і гэта наша спадчына.
10 Будзем крыўдзіць бедняка справядлівага, і не пашкадуем удавы, і не ўшануем старога шматгадовай сівізны.
11 Сіла ж наша будзе законам справядлівасці; бо тое, што кволае, — некарыснае.
12 Дык насядзем на справядлівага, бо ён нам невыгодны і праціўны нашым учынкам, і ён упікае нас за грахі перад законам і асуджае ў нас грахі нашых паводзін.
13 Хваліцца, што ведае Бога ды называе сябе сынам Божым.
14 Стаў ён нам асуджэннем намераў нашых, прыкры ён нават для вачэй нашых,
15 бо жыццё яго не падобнае да жыцця іншых і іншыя яго дарогі.
16 Ацэньвае ён нас, як металічныя адыходы, і ўхіляецца ён ад дарог нашых, быццам ад нячыстых, канец справядлівых лічыць шчасным і хваліцца, што Бог — яго бацька.
17 Дык пабачым, ці словы яго праўдзівыя, і праверым, які будзе яго канец:
18 калі бо ён сапраўды Сын Божы, Бог заступіцца за яго і вызваліць яго з рук ворагаў.
19 Праверым яго знявагаю і здзекамі, каб пазнаць яго ласкавасць, ды выпрабуем яго цярплівасць;
20 асудзім яго на смерць самую ганебную, бо паводле слоў яго ён будзе выпрабаваны».
21 Так вось яны разважалі — і памыліліся, бо іх пераваротнасць іх засляпіла,
22 і не адгадалі таямніц Божых, і не ўскладалі надзею на святасць, і не ўцямілі годнасці душ беззаганных.
23 Бо Бог стварыў чалавека ў несмяротнасці і зрабіў яго вобразам падабенства Свайго;
24 а праз зайздрасць шатанскую прыйшла смерць на зямлю; удзельнічаюць жа ў ёй тыя, якія стаяць на яго баку.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 2 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017