Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 15 Кніга Мудрасці 15 разьдзел

1 Ты ж, Божа наш, ласкавы і верны, цярпліва і міласэрна распараджаешся ўсім.
2 Бо калі зграшым, Твае мы, ведаем магутнасць Тваю; але не будзем грашыць, бо ведаем, што мы залічаны да Цябе.
3 Бо ведаць Цябе — гэта дасканалая справядлівасць, і ўцяміць Тваю магутнасць — гэта крыніца несмяротнасці.
4 І не падманула нас ані ліхая чалавечая выдумка, ані марная праца мастакоў — выява, замазаная ўсялякімі фарбамі,
5 выгляд якой выклікае ў неразумных страсць, і любяць яны бяздушную выяву мёртвай статуі.
6 Аматары ліхоты вартыя, каб у такім надзею пакладаць, і тыя, што дапускаюцца іх, і тыя, што любяць, і тыя, што іх шануюць.
7 Але і ганчар, ціскаючы з цяжкасцю мяккую зямлю, лепіць усякі посуд для нашага ўжытку; ды з той самай гліны лепіць посуд, які служыць для высокіх мэт, і супрацьлеглы ім — усё аднолькава; якое ж будзе выкарыстанне таго або іншага посуду — рашае ганчар.
8 І ў ліхім трудзе лепіць з той жа гліны марнага бога той, хто сам нядаўна ўзнік з зямлі і праз кароткі час вернецца туды, адкуль быў узяты, пакліканы за доўг душы.
9 Але ён не рупіцца, што скора памрэ, ані пра тое, што жыццё мае кароткае, але ідзе навыперадкі з тымі, што апрацоўваюць золата і адліваюць срэбра, і наследуе тым, што апрацоўваюць медзь, і ганарыцца, што лепіць агіднасці.
10 Сэрца яго — попел, надзея яго — марнейшая за зямлю і жыццё яго — горш чым гліна,
11 бо не пазнаў Таго, Хто яго зляпіў, і Хто ўдыхнуў у яго дзейсную душу, і Хто напоўніў яго духам жыццёвым.
12 Але падумаў, і што жыццё наша — гульня, і што наша існаванне — гандаль прыбытковы; бо кажа, што адусюль трэба, таксама і з ліхоты, цягнуць набыткі.
13 Ён бо лепш ведае, чым іншыя, што грашыць, калі з зямной матэрыі крохкія пасудзіны і статуі лепіць.
14 Бо ўсе неразумныя і ўбогія — бяднейшыя розумам за дзяцей — ворагі народа Твайго і яго прыгнятальнікі.
15 Палічылі бо яны за багоў усякія паганскія статуі, якія не маюць вачэй, каб глядзець, ані ноздраў — каб паветрам дыхнуць, ані вушэй — каб чуць, ані пальцаў на руках — каб дакрануцца, а ногі іх не здатныя да хады.
16 Бо іх чалавек зрабіў, і вылепіў іх хтосьці, хто пазычыў дух сабе; бо ніякі чалавек не можа зляпіць бога, хоць бы да сябе падобнага:
17 а будучы смяротным, ён робіць кволымі рукамі рэч мёртвую. Бо сам ёсць лепшы за тых, каго шануе: ён бо хаця б жыў, а тыя — ніколі!
18 Але яны шануюць і самых убогіх жывёл; а тыя горшыя за іх у неразумнасці, параўнальна з іншымі.
19 І сярод іх няма прыгожых, колькі можна было б жадаць, бо былі яны ў звярыным выглядзе; пазбеглі ж яны і славы Божай, і дабраславення Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 15 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017