Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 4 Кніга Мудрасці 4 разьдзел

1 Лепш бяздзетнасць з цнотаю; бо памяць аб ёй бессмяротная, бо мае прызнанне ў Бога і ў людзей.
2 Калі яна прысутнічае, то ёй наследуюць; і тужаць па ёй, калі адыдзе; і ў вечнасці ўвянчаная трыумфуе, перамогшы ў спаборніцтве беззаганным подзвігам.
3 Разнастайнае ж бязбожных мноства не будзе карысным, і з чужаложных атожылкаў парастак не запусціць глыбока карэнняў і не заложыць трывалага падмурка.
4 Калі хоць на час пазелянее галінамі, затрасе імі вецер, слаба ўрослымі, і ад моцных вятроў будзе вырваны.
5 Паламаюцца нямоцныя галіны — і плод іх бескарысны: і недаспелы для ежы, і ні да чаго не прыдатны.
6 Бо дзеці, народжаныя з незаконных начэй, ёсць сведкі нягоднасці супраць бацькоў у суджэнні сваім.
7 А справядлівы, хоць і памёр перад часам, знойдзе супачынак.
8 Старасць бо пачэсная не па даўгавечнасці і не па ліку гадоў вымяраецца:
9 сівізна ж — мудрасць людзей, і мерка старасці — жыццё беззаганнае.
10 Падабаючыся Богу, здабыў міласць Яго, а жывучы між грэшнікаў — перанесены быў;
11 забраны быў, каб ліхота не перавярнула розум яго або каб мара не падманула душы яго.
12 Бо чары пустаслоўя зацямняюць дабро і нясталасць пажадлівасці атупляе розум без вераломства.
13 Той, хто скора дасягнуў дасканаласці, перажыў многа часу;
14 душа бо яго спадабалася Богу, таму паспяшаўся вывесці яго спаміж злачыннасці. Людзі ж глядзелі і не разумелі, ані ўяўлялі ў сэрцы такое,
15 што ласкай і міласэрнасцю надзяляе Бог святых Сваіх і выпрабаванне — для выбраннікаў Яго.
16 Справядлівы памерлы асуджае жывых бязбожных, і хутчэй удасканалена маладосць, чым даўгавечная старасць ліхадзея.
17 Яны бо ўбачаць канец мудрага і не зразумеюць, што рашыў аб ім Бог і з якой мэтай абараніў яго Госпад.
18 Яны ўбачаць і пагардзяць, але Госпад высмяе іх.
19 І потым стануць яны, як труп без пашаны, і вечным пасмешышчам сярод памерлых, бо разарве іх, нястрыманых, без гуку, і ўзварухне іх ад асноў, і будуць знішчаны аж да самага астатку, і будуць у муках, ды памяць пра іх прападзе.
20 Са страхам прыйдуць разлічыцца з грахамі сваімі, і злачыннасці іх асудзяць у прысутнасці іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 4 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017