Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Мудрасці 5 Кніга Мудрасці 5 разьдзел

1 Тады справядлівы стане з вялікай адвагай перад тымі, што яго крыўдзілі ды пагарджалі яго трудамі,
2 бачачы, як затрывожацца жудасным страхам і аслупянеюць на віду неспадзяванага збаўлення,
3 каючыся і ўздыхаючы ў турбоце духу, будуць казаць самі да сябе:
4 «Гэта той самы, з каго мы калісьці кпілі і падобна ганьбілі. Мы, неразумныя, лічылі жыццё яго за дурное і смерць яго — за ганьбу.
5 Як яго залічылі ў сыны Божыя і долю яго — сярод святых?
6 Дык мы сышлі з дарогі праўды, і не свяціла нам святло справядлівасці, і сонца не ўзышло нам;
7 заблыталіся ў путах беззаконня і загубы і хадзілі па непраходных пустынях, а дарогі Госпадавай не пазналі.
8 Чым нам дапамагла пыхлівасць? Або чым нам дапамагло багацце і пустая слава?
9 Усё гэта прайшло, як цень, і як вяшчун хуткабежны,
10 і быццам карабель, што плыве праз успененае мора, следу якога не знойдзеш, калі праплыве, ані баразны кіля яго сярод хваляў,
11 або як птушка, што лётае ў прасторы, ніякага не пакідае следу шляху, толькі лёгкі вецер, удараны шумам крылаў і рассечаны сілаю свіста, працінаецца ўзварушанымі крыламі, і па гэтым ніякага следу шляху не знаходзіцца;
12 або як выпушчаныя ў намечаную мэту стрэлы:
13 Так і мы, нарадзіўшыся і пастаянна знікаючы, не змаглі ніякім знакам паказаць цноты; але прапалі мы ў сваім беззаконні».
14 Бо надзея бязбожнага, як мякіна, ветрам раскіданая, ды як лёгкая пена, бурай паразбіваная, і як дым, ветрам разагнаны, і як памяць пра госця, што прыйшоў на адзін дзень.
15 А справядлівыя жывуць вечна; і ўзнагарода іх — у Госпадзе, і думка аб іх — ва Узвышняга.
16 Дзеля таго атрымаюць яны вянец аздаблення і гожую дыядэму з рукі Госпада. Бо ён правіцаю Сваёю зберажэ іх і плячом Сваім абароніць іх.
17 Ён возьме за зброю Сваю апякуючую руплівасць і ўзброіць стварэнне на помсту ворагам,
18 як панцырам, узброіцца ў справядлівасць і, як шлем, прыме справядлівы суд;
19 як шчыт непераможны, возьме святасць.
20 Як меч жа, навострыць гнеў Свой няўмольны, і з Ім разам будзе ваяваць свет супраць неразумных.
21 Панясуцца меткія стрэлы маланак, і паляцяць у цэль з хмараў, як з добра нацягнутага лука,
22 і ярасны град будзе выкінуты з гневам, які кідае камяні; узбурацца супраць іх воды марскія, і рэкі няўмольна нахлынуць.
23 Падымецца супраць іх дух сілы і, як буралом, змяце іх. І злачыннасць спустошыць усю зямлю, і ліхота перавярне пасады магутных.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Мудрасці, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017