Пераклад Аляксандара Надсана 15
Псалтыр i Ёна. Пераклад Аляксандара Надсана
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
Ты ж, Божа наш, ласкавы і верны, цярпліва і міласэрна распараджаешся ўсім.
Бо калі зграшым, Твае мы, ведаем магутнасць Тваю; але не будзем грашыць, бо ведаем, што мы залічаны да Цябе.
Бо ведаць Цябе — гэта дасканалая справядлівасць, і ўцяміць Тваю магутнасць — гэта крыніца несмяротнасці.
І не падманула нас ані ліхая чалавечая выдумка, ані марная праца мастакоў — выява, замазаная ўсялякімі фарбамі,
выгляд якой выклікае ў неразумных страсць, і любяць яны бяздушную выяву мёртвай статуі.
Аматары ліхоты вартыя, каб у такім надзею пакладаць, і тыя, што дапускаюцца іх, і тыя, што любяць, і тыя, што іх шануюць.
Але і ганчар, ціскаючы з цяжкасцю мяккую зямлю, лепіць усякі посуд для нашага ўжытку; ды з той самай гліны лепіць посуд, які служыць для высокіх мэт, і супрацьлеглы ім — усё аднолькава; якое ж будзе выкарыстанне таго або іншага посуду — рашае ганчар.
І ў ліхім трудзе лепіць з той жа гліны марнага бога той, хто сам нядаўна ўзнік з зямлі і праз кароткі час вернецца туды, адкуль быў узяты, пакліканы за доўг душы.
Але ён не рупіцца, што скора памрэ, ані пра тое, што жыццё мае кароткае, але ідзе навыперадкі з тымі, што апрацоўваюць золата і адліваюць срэбра, і наследуе тым, што апрацоўваюць медзь, і ганарыцца, што лепіць агіднасці.
Сэрца яго — попел, надзея яго — марнейшая за зямлю і жыццё яго — горш чым гліна,
бо не пазнаў Таго, Хто яго зляпіў, і Хто ўдыхнуў у яго дзейсную душу, і Хто напоўніў яго духам жыццёвым.
Але падумаў, і што жыццё наша — гульня, і што наша існаванне — гандаль прыбытковы; бо кажа, што адусюль трэба, таксама і з ліхоты, цягнуць набыткі.
Ён бо лепш ведае, чым іншыя, што грашыць, калі з зямной матэрыі крохкія пасудзіны і статуі лепіць.
Бо ўсе неразумныя і ўбогія — бяднейшыя розумам за дзяцей — ворагі народа Твайго і яго прыгнятальнікі.
Палічылі бо яны за багоў усякія паганскія статуі, якія не маюць вачэй, каб глядзець, ані ноздраў — каб паветрам дыхнуць, ані вушэй — каб чуць, ані пальцаў на руках — каб дакрануцца, а ногі іх не здатныя да хады.
Бо іх чалавек зрабіў, і вылепіў іх хтосьці, хто пазычыў дух сабе; бо ніякі чалавек не можа зляпіць бога, хоць бы да сябе падобнага:
а будучы смяротным, ён робіць кволымі рукамі рэч мёртвую. Бо сам ёсць лепшы за тых, каго шануе: ён бо хаця б жыў, а тыя — ніколі!
Але яны шануюць і самых убогіх жывёл; а тыя горшыя за іх у неразумнасці, параўнальна з іншымі.
І сярод іх няма прыгожых, колькі можна было б жадаць, бо былі яны ў звярыным выглядзе; пазбеглі ж яны і славы Божай, і дабраславення Яго.