4 царстваў 12 разьдзел
Чацьвёртая кніга царстваў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Сабілы і Малахава
На сёмы год валадарання Егу Ёас стаў царом і цараваў сорак гадоў у Ерузаліме. Маці яго называлася Сэбія з Бээр-Сэбы.
І рабіў Ёас справядлівае перад Госпадам ва ўсе дні, пакуль вучыў яго святар Ёяда.
Толькі ўзгоркі не знішчыў; складаў яшчэ народ ахвяры крывавыя і кадзіў на ўзгорках.
І сказаў Ёас святарам: «Усе грошы пасвячоныя, якія прыносяць як дар у святыню Госпада падарожныя людзі, якія складаюцца ў ахвяру за выкуп душы і якія па рашэнні сэрца свайго прыносяць у святыню Госпада,
хай іх бяруць усе святары ад асоб, якіх яны ведаюць, і няхай ужываюць іх на папраўку дома, калі ўбачаць, што штосьці трэба паправіць».
Такім чынам, аж да дваццаць трэцяга года цара Ёаса святары не паправілі пашкоджанняў у святыні.
Тады цар Ёас паклікаў першасвятара Ёяду і святароў, і спытаўся ў іх: «Чаму вы не папраўляеце пашкоджанняў у святыні? Такім чынам, не бярыце болей грошы ад знаёмых вашых, але аддайце іх на аднаўленне святыні».
І згадзіліся святары не браць больш грошы ад народа і не займацца выпраўленнем пашкоджанняў святыні.
І ўзяў святар Ёяда адну скрыню, і зрабіў адтуліну зверху яе, і паставіў яе побач з ахвярнікам з правага боку ля ўваходу ў святыню; і святары, што вартавалі дзверы, складалі ў яе ўсе грошы, якія прыносілі ў святыню Госпада.
І калі яны бачылі, што ўжо многа грошай у скрыні, прыходзілі пісар царскі і першасвятар, і забіралі грошы, якія знаходзіліся ў доме Госпада, і лічылі іх,
і аддавалі гэтыя пералічаныя грошы ў рукі загадчыкаў, якія наглядалі за працаю ў доме Госпада; і яны выдавалі іх на цесляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў святыні Госпадавай,
і на муляраў, і на тых, хто рассякае скалы, і каб купіць дрэвы і камяні з каменяломняў для папраўкі пашкоджанняў дома Госпадава і на ўсё, што патрабавала выдаткаў для ўмацавання дома.
Аднак з грошай, што прыносілі ў святыню Госпада, не рабілі міскі срэбраныя, і нажы, і келіхі, і трубы, ані іншыя рэчы залатыя або срэбраныя для святыні Госпада;
бо давалі іх работнікам, што папраўлялі святыню Госпада.
І не было прычыны правяраць людзей, якія атрымлівалі грошы для выплаты работнікам; бо яны рабілі ўсё сумленна.
Але грошы, як ахвяру за праступак, і грошы, як ахвяру за грахі, не ўносілі ў святыню Госпада, бо яны належалі святарам.
У той час Газаэль, цар Сірыі, пайшоў ваяваць з Гетам; і здабыў яго, і прыняў ён рашэнне ісці на Ерузалім.
Тады Ёас, цар Юдэі, сабраў усе святыя рэчы, якія ахвяравалі цары Юдэі Язафат, і Ярам, і Ахазія, бацькі яго, і што сам ахвяраваў, і ўсё золата, якое можна было знайсці ў скарбніцах святыні Госпада і ў царскім палацы, і паслаў Газаэлю, цару Сірыі, — і ён адступіў ад Ерузаліма.
А іншыя дзеянні Ёаса і ўсё, што ён зрабіў, — ці гэта не запісана ў Кнізе аналаў цароў Юдэі?
А паўсталі яго паслугачы, і змовіліся, і забілі Ёаса ў палацы Мэло, на дарозе ў Сэлу.
На самай справе Ёсахар, сын Сэмата, і Ёзабад, сын Самэра, паслугачы яго, забілі яго і ён памёр; і пахавалі яго пры бацьках яго ў горадзе Давіда. І па ім цараваў сын яго, Амазія.