Асіі 8 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

Вазьмі трубу ў вусны свае! Хай як арол — па-над домам Госпада дзеля таго, што пераступілі прымірэнне Маё і спракудзіліся супраць закону Майго.
 

Клічуць Мяне: «Божа Мой, мы ведаем Цябе, мы Ізраэль».
 

Адкінуў Ізраэль дабро, дык непрыяцель будзе пераследаваць яго,
 

самі ўстанаўлялі цароў, але без Маёй волі; прызначалі князёў — але Я не ведаў; са срэбра свайго і са свайго золата зрабілі сабе ідалаў на сваю загубу.
 

Адкінутае цяля тваё, Самарыя; узгарэўся гнеў Мой на іх. Дакуль жа не змогуць ачысціцца?
 

Бо з Ізраэля і само яно: яго мастак зрабіў, і яно не бог; вось жа, на кавалкі рассыплецца цяля самарыйскае.
 

Раз вецер будуць сеяць, жаць будуць буру; калі не будзе ў ёй коласа, расліна не дасць мукі, а калі і дала — чужыя з’ядуць яго.
 

Праглынуты Ізраэль, і цяпер між народамі стаўся ён, як нячыстая пасудзіна.
 

Яны бо пайшлі да Асірыі, як асёл дзікі, адзінокі, Эфраім жа набыў сабе супольнікаў падарункамі.
 

Але хоць таварам падкупілі б народы, але збяру іх, і трымцець будуць скора пад цяжарам цара, князёў.
 

Хоць павялічыў Эфраім ахвярнікі за грахі, сталіся яму ахвярнікі на грэх.
 

Напісаў Я ім многа Сваіх законаў, але былі яны палічаны за чужыя.
 

Любяць ахвяры крывавыя, складаюць з мяса ахвяры і ядуць; але Госпад не прыме іх. Успамяне Ён цяпер іх правіны і пакарае за грахі іх: яны вернуцца ў Егіпет.
 

«Ты забыўся Ізраэль пра свайго Творцу і пабудаваў капішчы; а Юда пабудаваў шмат гарадоў умацаваных. Але Я пашлю агонь на гарады яго, і ён паглыне крэпасці яго».