Ёны 1 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша
І было слова Госпада да Ёны, сына Амаці:
І было слова Госпадава да Ёны, сына Амацыінавага:
«Устань ды ідзі ў Нініву, вялікі горад, і праракуй у ёй, бо злачыннасць яе дайшла да Мяне».
«Устань, ідзі ў Нініву, вялікае места, і прапаведуй там, бо ліхадзействы ягоныя дайшлі да Мяне.»
Дык устаў Ёна, каб уцячы ў Тарсіс ад аблічча Госпада, і сышоў у Ёпэ, і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і заплаціў належную плату ды сеў у яго, каб плысці з імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
І ўстаў Ёна, каб уцячы ад твару Госпадавага ў Тарсіс, і прыйшоў у Ёппу і знайшоў вадаплаў, што плыў у Тарсіс, заплаціў плату за перавоз і ўзышоў на яго, каб плысьці з імі ў Тарсіс ад твару Госпадавага.
А Госпад кінуў на мора моцны вецер, і паднялася вялікая бура на моры, так што караблю пагражала разбіццё.
Ды ўзьняў Госпад вецер вялікі на моры і сталася на моры вялікая бура і здавалася, што вадаплаў разаб’ецца.
Дык напалохаліся маракі, і кожны прызываў свайго бога, і кінулі яны ў мора ладунак, які быў на караблі, каб зрабіць яго лягчэйшым. А Ёна сышоў у нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
І спалохаліся вадаплаўнікі, і пачалі клікаць кажны да свайго бога, і пачалі кідаць у мора груз з вадаплаву, каб адцяжыць яго; Ёна-ж зыйшоў у сярэдзіну вадаплаву, лёг і моцна заснуў.
І прыйшоў да яго стырнавы, і сказаў яму: «Што ты спіш? Устань і прызывай Бога твайго, можа, Бог успомніць пра нас, і мы не папрападаем».
І прыйшоў да яго старшы вадаплаву і сказаў яму: «Што ты сьпіш? Уставай, кліч да Бога твайго; можа Бог успомніць пра нас, і мы не загінем.»
І казалі маракі адзін другому: «Хадзем, кіньма жэрабя і даведаемся, чаму гэтае няшчасце прыйшло на нас». І кінулі жэрабя, і жэрабя выпала на Ёну.
І гаварылі адзін другому: «Хадзем, кінем лёсы, каб даведацца, за каго гэтая бяда на нас найшла.» І кінулі яны лёсы, і лёс паў на Ёну.
Дык спыталіся ў яго: «Скажы нам, з якой прычыны гэтае няшчасце напаткала нас? Чым ты займаешся і адкуль ты ідзеш? Якая зямля твая ды з якога ты народа?»
Тады сказалі яму: «Скажы нам, за каго прыйшла на нас гэтая бяда? Чым ты займаешся і адкуль ідзеш ты? Дзе твая краіна і з якога ты народу?»
І сказаў ён ім: «Я — гебрай, і баюся Госпада, Бога Нябеснага, Які стварыў мора і сухмень».
І ён адказаў ім: «Я — гэбрэй, слаўлю Госпада Бога нябёсаў, што стварылі мора і сушу.»
Тады вялікі страх ахапіў людзей, і яны пыталіся ў яго: «Чаму ты гэта зрабіў?» Даведаліся бо людзі, што ён уцякаў ад аблічча Госпада, бо ён сам прызнаўся ім.
І спалохаліся людзі вельмі, і казалі яму: «Нашто ты гэта зрабіў?» бо даведаліся гэтыя людзі., што ён уцякае ад Госпадавага твару, аб чым ён сам гаварыў ім.
І яны пыталіся ў яго: «Што маем зрабіць з табою, каб мора перастала бушаваць вакол нас?» Бо мора ўсё болей і болей хвалявалася.
І казалі яму: «Што зрабіць намка з табою, каб мора нам сунялося?» бо мора не пераставала хвалявацца.
І сказаў ён ім: «Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і мора перастане хвалявацца супраць вас; бо ведаю, што дзеля мяне паднялася гэтая бура супраць вас».
Тады ён сказаў ім: «Вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора супакоіцца вам, бо я ведаю, што дзеля мяне найшла на вас гэтая вялікая бура.»
І веславалі людзі гэтыя, каб вярнуцца да сухмені, але не маглі, бо мора падымалася супраць іх.
Ды гэтыя людзі пачалі моцна грабці вёсламі, каб прыбіць да берагу, але не маглі, бо мора не пераставала лютаваць супроць іх.
Дык прызывалі яны Госпада і казалі: «О Госпадзе, просім Цябе, хай не загінем мы з прычыны душы гэтага чалавека, і не абцяжарвай нас крывёю нявіннаю, бо Ты, Госпадзе, як захочаш, так і зробіш».
Пачалі тады яны клікаць да Госпада і казаць: «Молім Цябе, Госпадзе, ня дай нам загінуць за душу чалавека гэтага, і ня ўскладай на нас крыві непавіннай; бо Ты, Госпадзе, учыніў, што было Табе да спадобы!»
І ўзялі яны Ёну, і кінулі ў мора, і мора перастала шалець.
І тады ўзялі яны Ёну і кінулі яго ў мора; і сунялося мора ў лютасьці сваёй.
І агарнуў людзей вялікі страх перад Госпадам, і складалі яны ахвяры Госпаду, і давалі прырачэнні.
І спалохаліся вельмі гэтыя людзі Госпада, і прынесьлі Госпаду ахвяру, і далі зарок.