Ёны 3 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Вітаўта Тумаша

 
 

І зноў было слова Госпада да Ёны:
 
І другі раз было слова Госпадава да Ёны:

«Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і абвяшчай ў ёй тое, што Я табе даручыў».
 
«Устань, ідзі ў Нініву, вялікае места і прапаведуй у ім тое, што я загадаю табе.»

І ўстаў Ёна, і накіраваўся ў Нініву па загадзе Госпада. А Нініва перад абліччам Бога была вялікім горадам, у абход на тры дні.
 
І ўстаў Ёна і пайшоў у Нініву паводле слова Госпадавага; Нініва-ж была вялікім местам у Бога, на тры дні хады.

Дык пачаў Ёна хадзіць па горадзе ў абход на адзін дзень, і прапаведаваў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».
 
І пачаў Ёна хадзіць па месьце, колькі можна было ўвайсьці ў вадзін дзень, і прапаведываў, кажучы: «Яшчэ сорак дзён — і Нініва будзе разбураная!»

І паверылі нініўцы Богу, і абвясцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцы, ад найбольшага да найменшага.
 
І паверылі нініўцы Богу: і апавясьцілі пост, і ўзьдзелі на сябе мяшкі ад найбольшага з іх да найменшага.

І дайшла гэтая вестка да цара Нінівы, і ён устаў з пасада свайго, скінуў плашч свой з сябе ды апрануўся ў зрэбніцу і сеў у попел.
 
І дайшло слова гэтае да цара Нінівы, і ўстаў ён з пасаду свайго, і зьняў з сябе царскую вопратку сваю, і ахінуўся ў мяшок і сеў на попеле,

І загадаў абвясціць і сказаць у Нініве ад імя цара і магнатаў яго: «Людзі і жывёла, быдла і статак хай не ядуць нічога, і не выпускаюцца на пашу, і не п’юць вады.
 
і загадаў апавясьціць і сказаць у Нініве ад імені цара і ягоных вяльможаў, «каб ні людзі, ні жывёла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, не хадзілі на пашу, ані вады ня пілі,

Ды хай апрануцца ў зрэбніцы і людзі, і жывёла, і хай моцна клічуць да Бога, і хай кожны чалавек адвернецца ад ліхой дарогі сваёй і ад гвалту, што ёсць у руках яго.
 
і каб пакрытыя былі мяшкамі людзі і жывёла, і моцна клікалі да Бога, і каб кажны адвярнуўся ад злога шляху свайго і ад гвалту рук сваіх.

Хто ведае, можа, раздумаецца і пашкадуе Бог, і спыніцца абурэнне гневу Яго, і мы не загінем?»
 
Хто ведае, можа Бог яшчэ зьлітуецца і адверне ад нас палаючы гнеў Свой, і мы не загінем.»

І ўбачыў Бог паводзіны іх, што адвярнуліся яны ад дарогі сваёй ліхой, і злітаваўся Бог дзеля кары, якую прадказаў быў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.
 
І пабачыў Бог іхныя ўчынкі, што адвярнуліся яны ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог наслаць на іх тое няшчасьце, аб якім казаў, што нашле на іх, — і не наслаў.