Ёны 3 разьдзел

Кніга прарока Ёны
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

І зноў было слова Госпада да Ёны:
 
І было слова Гасподняе Ёну другі раз:

«Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і абвяшчай ў ёй тое, што Я табе даручыў».
 
«устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».

І ўстаў Ёна, і накіраваўся ў Нініву па загадзе Госпада. А Нініва перад абліччам Бога была вялікім горадам, у абход на тры дні.
 
І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.

Дык пачаў Ёна хадзіць па горадзе ў абход на адзін дзень, і прапаведаваў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».
 
І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, — і Нінэвія будзе разбурана!»

І паверылі нініўцы Богу, і абвясцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцы, ад найбольшага да найменшага.
 
І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.

І дайшла гэтая вестка да цара Нінівы, і ён устаў з пасада свайго, скінуў плашч свой з сябе ды апрануўся ў зрэбніцу і сеў у попел.
 
Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, — і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,

І загадаў абвясціць і сказаць у Нініве ад імя цара і магнатаў яго: «Людзі і жывёла, быдла і статак хай не ядуць нічога, і не выпускаюцца на пашу, і не п’юць вады.
 
і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,

Ды хай апрануцца ў зрэбніцы і людзі, і жывёла, і хай моцна клічуць да Бога, і хай кожны чалавек адвернецца ад ліхой дарогі сваёй і ад гвалту, што ёсць у руках яго.
 
і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.

Хто ведае, можа, раздумаецца і пашкадуе Бог, і спыніцца абурэнне гневу Яго, і мы не загінем?»
 
Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».

І ўбачыў Бог паводзіны іх, што адвярнуліся яны ад дарогі сваёй ліхой, і злітаваўся Бог дзеля кары, якую прадказаў быў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.
 
І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.