Ёны 3 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі
І было слова ГОСПАДА да Ёны другі раз, кажучы:
І было слова Гасподняе Ёну другі раз:
«Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і абвяшчай супраць яго тое, што Я сказаў табе».
«устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».
І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву паводле слова ГОСПАДА; а Нініва была вялікім горадам у Бога, на тры дні дарогі ў абход.
І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.
І пачаў ён хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і клікаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».
І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, — і Нінэвія будзе разбурана!»
І паверылі Нініўцы Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцу ад найбольшага з іх аж да найменшага з іх.
І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.
Бо калі слова дайшло да валадара Нінівы, ён устаў з пасаду свайго, і скінуў з сябе адзеньне сваё, і апрануўся ў зрэбніцу, і сядзеў у попеле.
Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, — і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,
І было абвешчана, і сказана ў Нініве паводле загаду валадара і магнатаў ягоных, кажучы: «Няхай ані чалавек, ані быдла, ані валы, ані авечкі нічога не паспытаюць, няхай ані пасьвяцца, ані п’юць вады,
і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,
але няхай апрануцца ў зрэбніцу чалавек і быдла, і няхай клічуць голасна да Бога, і няхай кожны чалавек адвернецца ад злога шляху свайго і ад ліхадзейства, якое ў руках ягоных.
і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.
Хто ведае, ці ня зьвернецца Бог [да нас], і ці не пашкадуе, і ці не адверне гнеў палючы Свой, каб мы не загінулі?»
Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».
І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог пра ліха, пра якое сказаў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.
І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.