1 І было слова ГОСПАДА да Ёны другі раз, кажучы:
2 «Устань, ідзі ў Нініву, горад вялікі, і абвяшчай супраць яго тое, што Я сказаў табе».
3 І ўстаў Ёна, і пайшоў у Нініву паводле слова ГОСПАДА; а Нініва была вялікім горадам у Бога, на тры дні дарогі ў абход.
4 І пачаў ён хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і клікаў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».
5 І паверылі Нініўцы Богу, і абвясьцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцу ад найбольшага з іх аж да найменшага з іх.
6 Бо калі слова дайшло да валадара Нінівы, ён устаў з пасаду свайго, і скінуў з сябе адзеньне сваё, і апрануўся ў зрэбніцу, і сядзеў у попеле.
7 І было абвешчана, і сказана ў Нініве паводле загаду валадара і магнатаў ягоных, кажучы: «Няхай ані чалавек, ані быдла, ані валы, ані авечкі нічога не паспытаюць, няхай ані пасьвяцца, ані п’юць вады,
8 але няхай апрануцца ў зрэбніцу чалавек і быдла, і няхай клічуць голасна да Бога, і няхай кожны чалавек адвернецца ад злога шляху свайго і ад ліхадзейства, якое ў руках ягоных.
9 Хто ведае, ці ня зьвернецца Бог [да нас], і ці не пашкадуе, і ці не адверне гнеў палючы Свой, каб мы не загінулі?»
10 І ўбачыў Бог учынкі іхнія, што яны адвярнуліся ад злога шляху свайго, і пашкадаваў Бог пра ліха, пра якое сказаў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга прарока Ёны, 3 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023