Ёны 3 разьдзел
Кніга прарока Ёны
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Аляксандара Надсана
І зноў было слова Госпада да Ёны:
І вось другі раз прамовіў Госпад да Ёны:
«Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і абвяшчай ў ёй тое, што Я табе даручыў».
«Устань, ідзі ў Ніневу, у горад вялікі, і кажы ім тое, што Я загадаў табе».
І ўстаў Ёна, і накіраваўся ў Нініву па загадзе Госпада. А Нініва перад абліччам Бога была вялікім горадам, у абход на тры дні.
Ёна ўстаў і пайшоў у Ніневу згодна са словам Гасподнім; а Нінева была вялікім горадам, на тры дні хады.
Дык пачаў Ёна хадзіць па горадзе ў абход на адзін дзень, і прапаведаваў, і казаў: «Яшчэ сорак дзён, і Нініва будзе зруйнаваная».
І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці ў адзін дзень, і казаць голасна: «Яшчэ сорак дзён, і Нінева будзе рабураная!».
І паверылі нініўцы Богу, і абвясцілі пост, і апрануліся ў зрэбніцы, ад найбольшага да найменшага.
І паверылі жыхары Ніневы Богу, абвясьцілі пост, апрануліся ў зрэб'е, ад найбольшага да найменшага.
І дайшла гэтая вестка да цара Нінівы, і ён устаў з пасада свайго, скінуў плашч свой з сябе ды апрануўся ў зрэбніцу і сеў у попел.
І дайшло слова гэтае да караля Ніневы. Ён устаў з пасаду свайго, зьняў з сябе каралеўскую вопратку, апрануўся ў зрэб'е і сеў на попеле.
І загадаў абвясціць і сказаць у Нініве ад імя цара і магнатаў яго: «Людзі і жывёла, быдла і статак хай не ядуць нічога, і не выпускаюцца на пашу, і не п’юць вады.
І ад імя караля і дастойнікаў яго быў абвешчаны наступны загад: «Няхай людзі і жывёла, валы ўсе і авечкі не ядуць нічога, ня ходзяць на пашу і ня п'юць вады.
Ды хай апрануцца ў зрэбніцы і людзі, і жывёла, і хай моцна клічуць да Бога, і хай кожны чалавек адвернецца ад ліхой дарогі сваёй і ад гвалту, што ёсць у руках яго.
Хай апрануцца ў зрэб'е — людзі і жывёла, — і хай моцна клічуць Бога, і хай кожны адвернецца ад благога шляху і ад няправеднасьці, якую чыніць рукамі сваімі.
Хто ведае, можа, раздумаецца і пашкадуе Бог, і спыніцца абурэнне гневу Яго, і мы не загінем?»
Хто ведае, магчыма Бог адпусьціцца і зьлітуецца над намі, адступіць ад палкага гневу свайго, і мы ня згінем».
І ўбачыў Бог паводзіны іх, што адвярнуліся яны ад дарогі сваёй ліхой, і злітаваўся Бог дзеля кары, якую прадказаў быў, што ўчыніць ім, і не ўчыніў.
І Бог убачыў учынкі іх, што яны адвярнуліся ад сваіх благіх шляхоў; і зьлітаваўся Бог над імі, і няшчасьця, якое абяцаў паслаць на іх, не паслаў.